Хакеры «Anonymous» «злілі» 15 ГБ даных Рускай праваслаўнай царквы

Цяпер гэтыя звесткі прапануюцца толькі журналістам і даследчыкам у сувязі з характарам саміх звестак.

000ewwu9g2wffw8e_c122_f4.jpg


Вядомая хакерская група «Anonymous» паведаміла, што «зліла» 15 ГБ звестак, што былі выкрадзеныя ў дабрачыннага крыла Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ).
Пра гэта хакеры паведамілі ў Твітары.
«Мы "злілі" 15 ГБ звестак, выкрадзеных з дабрачыннага крыла Рускай праваслаўнай царквы, і апублікавалі прыкладна 57 500 электронных лістоў праз праект DDoSecrets», — заявілі ў «Anonymous».
Адзначаецца, што ў цяперашні час гэтыя даныя прапануюцца толькі журналістам і даследчыкам у сувязі з характарам саміх даных.
Раней хакерская група «NB 65», звязаная з «Anonymous», узламала расійскі прапагандысцкі медыяхолдынг ВГТРК і паабяцала неўзабаве апублікаваць 870 ГБ знойдзеных звестак. Галоўны тэлеканал гэтай кампаніі — «Расія-1», на якім працуюць топ-прапагандысты Крамля Салаўёў, Скабеева і Папоў.
Таксама хакеры апублікавалі базу звестак найбуйнейшай у свеце харчовай кампаніі «Nestle», якая адмовілася сыходзіць з рынку Расіі нягледзячы на вайну ва Украіне.
Яшчэ «Anonymous» узламалі сайт Цэнтрабанка Расіі. Хакеры апублікавалі 28 GB інфармацыі Цэнтральнага банка РФ: усе транзакцыі.