Калі кандыдат — вораг дзяржавы

Ва Узбекістане стартавала прэзідэнцкая кампанія, маркёрам якой адразу стаў рост ціску на патэнцыйных альтэрнатыўных кандыдатаў.

Выбары ва Узбекістане. Фота dw.com

Выбары ва Узбекістане. Фота dw.com


Выбары ўзбекскага гаранта пройдуць 24 кастрычніка. Часу да дня галасавання, як бачым, не так шмат, аднак пакуль ніякай мегаактыўнасці на гэты конт у лагеры ўлады не назіраецца. Прэзідэнт Шаўкат Мірзіёеў дзяжурна праводзіць пасяджэнні, падпісвае дакументы і, натуральна, дае мудрыя інструкцыі. Напрыклад, днямі ён запатрабаваў, каб моладзевыя танцавальныя фэсты з гэтага часу праводзіліся не толькі ў абласных цэнтрах, але і ў кожным раёне і горадзе.
Такі ціхамірны стыль Шаўката Мірамонавіча некаторыя тлумачыць тым, што схема па атрыманні «элегантных перамог» кіраўніком ва Узбекістане больш-менш адпрацаваная. Яе альфай і амегай, напэўна, з’яўляецца абзац у Выбарчым кодэксе, які дазваляе балатавацца ў прэзідэнты толькі прадстаўнікам зарэгістраваных партый.
Усе існуючыя ў краіне партыйныя структуры («Народна-дэмакратычная партыя», «Справядлівасць», ліберал-дэмакраты і «Экалагічная партыя»), як можна лёгка здагадацца, лаяльна ставяцца да прэзідэнцкай адміністрацыі. Прычым градус гэтай лаяльнасці настолькі высокі, што на некаторых прэзідэнцкіх выбарах іх прадстаўнікі заклікалі галасаваць не за сябе, а за кандыдатуру прэзідэнта.
Не дзіўна, што кандыдатам ад улады за 30 гадоў узбекскай незалежнасці толькі адзін раз давялося змагацца ва ўмовах сумленных выбараў. Гэта здарылася ў далёкім 1991-м, калі правадыр партыі «Эрк» Мухамад Саліх кінуў выклік экс-старшыні мясцовай кампартыі Ісламу Карымаву. Паводле афіцыйных даных, за Саліха тады было аддадзена 12,7 працэнта галасоў. Як лічаць некаторыя медыя, успаміны пра тыя выбары дасюль выклікаюць у кулуарах дзяржапарата нервовую рэакцыю.
Не супакоіў «партыю ўлады» і абсалютны кантроль над выбарчым працэсам, які паўстаў падчас умацавання аўтакратыі Карымава і які, у прынцыпе, дазваляе маляваць крытыкам мінімальную лічбу. Так, апошні ў гісторыі мясцовых выбараў няўрадавы кандыдат, які балатаваўся ў 2007-м, атрымаў, паводле ЦВК, менш за тры працэнты. Для поўнай перастрахоўкі менавіта пасля тых выбараў права балатавацца інакш як праз зарэгістраваныя партыі было скасаванае.
Натуральна, былі спробы зарэгістраваць нейкую незалежную партыю, якія заўсёды заканчваліся фіяска. Стваральнікам партый у Мінюсце, як павіла, кажуць, што тыя не падалі ўсе патрэбныя паперкі або знаходзяць несапраўдны подпіс у спісе тых, хто падтрымлівае паўстанне новай палітсілы. Паколькі ўзбекскі закон патрабуе для рэгістрацыі 20 тысяч подпісаў, знайсці памылку не так ужо і цяжка.
Як бачым, мадэль узбекскіх выбараў вельмі жорсткая. Тым не менш, як ні парадаксальна, нават ва Узбекістане ўвесь час знаходзяцца персоны, якія намагаюцца стаць альтэрнатыўнымі кандыдатамі. Так, актыў незарэгістраванай партыі «Эрк» 12 траўня вылучыў сваім кандыдатам у прэзідэнты спевака Джахангіра Атаджанава. Фінал імпрэзы, якая праходзіла ў прыватным доме спевака, аказаўся феерычным: туды ўварваліся невядомыя людзі і разагналі ўсіх прысутных.
На наступны дзень Атаджанава і яго сяброў з прычыны апісаных падзей выклікалі ў паліцыю. Апазіцыянеры наіўна спадзяваліся, што паліцэйскія збіраюцца высвятляць прыкметы пагромшчыкаў для іх пошуку. На самой справе абаронцаў правапарадку цікавіў не пагром, а палітычная дзейнасць сяброў «Эрк».
Вучоны-эканаміст, доктар эканамічных навук, былы рэктар Тэрмезскага дзяржаўнага ўніверсітэта Хідзірназар Алакулаў абвясціў пра планы па стварэнні ва Узбекістане сацыял-дэмакратычнай партыі «Справядлівасць і развіццё» і пра намеры балатавацца ў прэзідэнты ў 2021 годзе. Усіх жадаючых запісацца ў партыю ён заклікаў на ўстаноўчы сход да сябе ў дом. Людзі сапраўды прыйшлі — аднак у большасці правакатары, якія сарвалі мерапрыемства.
Адначасова ўзяліся за моладзь, якая часцей за ўсё цікавіцца палітыкай. У ВНУ накіравалі прадстаўнікоў сілавых органаў, якія папярэджваюць студэнтаў пра негатыўныя наступствы кантактаў з ініцыятарамі стварэння новых палітычных партый.
Як піша прэса, на гэтых выбарах упершыню заняліся Інтэрнэтам. Яшчэ ў сакавіку быў прыняты закон, які прадугледжвае пакаранне за абразу або паклёп у дачыненні да прэзідэнта Узбекістана «ў сетках тэлекамунікацый ці сусветнай інфармацыйнай сетцы Інтэрнэт». Коштам такой абразы можа быць пакаранне «папраўчымі работамі да 3 гадоў ці абмежаваннем волі ад 2 да 5 гадоў, або пазбаўленнем волі да 5 гадоў».
На думку назіральнікаў, гэты драконаўскі закон не будуць ужываць вельмі часта. Ён, хутчэй, патрэбны як прафілактычны сродак, які прымусіць узбекскіх юзераў трымацца далей ад інтэрнэт-чатаў, на якіх абмяркоўваюць курс прэзідэнта і яго асобу. З іншага боку, такі комплекс суровых мер у краіне, дзе дэмакратычныя выбары праводзіліся амаль 30 гадоў таму, дзе зарэгістравацца ў якасці кандыдата дысідэнтам нельга, выглядае трошкі дзіўна. Ствараецца уражанне, што Мірзіёеў з яго атачэннем самі разумеюць: створаны ў краіне суперфільтр ад апазіцыі ўсё роўна не з’яўляецца стопрацэнтнай страхоўкай.