Казахстан абверг перамовы аб «кансалідаваных мерах» ЕАЭС у адказ на санкцыі Захаду
Міністэрства замежных спраў Казахстана абвергла якія-небудзь перамовы аб «кансалідаваных мерах» краін ЕАЭС у адказ на санкцыі іншых краін.
У ведамстве падкрэсліваюць, што, згодна з дагаворам ад 29 траўня 2014 года, мэта ЕАЭС — забеспячэнне свабоды перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталу, рабочай сілы і стварэнне ўмоў для стабільнага развіцця эканомік краін-чальцоў аб’яднання, перадае REFORM.by.
«Казахстан прытрымліваецца пазіцыі, што інтэграцыйныя працэсы ў рамках ЕАЭС носяць выключна эканамічны характар. Традыцыйна адзначаем непрымальнасць надзялення органаў еўразійскай інтэграцыі неўласцівымі функцыямі, выступаем супраць палітызацыі аб’яднання» — гаворыцца ў заяве міністэрства.
У ведамстве лічаць, што санкцыі Захаду ў сваёй аснове маюць, перш за ўсё, палітычныя матывы і накіраваныя супраць асобных краін, а не ўсяго ЕАЭС.
Аўтары заяўляюць, што Казахстан не вядзе перамоваў аб кансалідаваным адказе ЕАЭС на санкцыі і адзначаюць, што ў працы з партнёрамі па еўразійскай інтэграцыі гаворка можа ісці толькі аб сумесных дзеяннях па недапушчэнні негатыўнага ўплыву такіх санкцый на сацыяльна-эканамічнае развіццё дзяржаў аб’яднання.
Напярэдадні намеснік кіраўніка расійскага МЗС Аляксандр Панкін заявіў, што ў ЕАЭС прапрацоўваецца кансалідаваны адказ на санкцыі Захаду, але ён павінен быць легітымным з пункту гледжання нормаў СГА. Пра гэта ён сказаў у кулуарах Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму.