Кіраўніцтва Каталоніі заклікае Мадрыд да перамоваў

Кіраўнік ураду Каталоніі Кім Тора заклікаў да перамоваў з цэнтральным урадам Гішпаніі пасля пяці дзён беспарадкаў на знак пратэсту супраць асуджэння каталёнскіх лідэраў, якія выступаюць за незалежнасць рэгіёну. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на Reuters.

Пратэсты ў Барселоне

Пратэсты ў Барселоне

«Мы заклікаем выканаўцу абавязкаў прэм’ер-міністра гішпанскага ўраду сесці за стол перамоваў, каб пагаварыць», — сказаў Тора, дадаўшы, што гвалт на гэтым тыдні не адлюстроўвае мірнага характару каталонскага руху за незалежнасць.
«Гвалт ніколі не быў і ніколі не будзе нашым сродкам, ні ў Барселоне, ні ў Тарагоне, ні ў Жыроне», — сказаў ён, маючы на ўвазе гарады Каталоніі, якія былі ахопленыя пратэстамі.
Барселона ў пятніцу перажыла ноч гарадмкіх забурэнняў, калі маладыя людзі ў масках перакрывалі дарогі падпаленымі смеццевымі бакамі і кідалі камяні ў сілавікоў. Паліцыя разганяла пратэстоўцаў шумавымі гранатамі і слезацечным газам.
Паводле дадзеных мясцовых уладаў, 182 чалавекі па ўсім рэгіёне пацярпелі, у тым ліку 152 у Барселоне. Каля 17 паліцэйскіх таксама трапілі ў шпіталі. Паліцыя заявіла, што ў пяты дзень сутыкненняў арыштавала 54 чалавек.
Вярхоўны суд Гішпаніі пасадзіў у турму дзевяць каталонскіх лідараў, якія выступалі за незалежнасць.