Мітынг у Баку: дзясяткі затрыманых і зачыненае метро
У сувязі з пратэстамі ў Баку затрымалі лідара Партыі народнага фронту Азербайджана (ПНФА) Алі Керымлі — апазіцыянера, які збіраўся прыняць удзел у акцыі пратэсту ў цэнтры азербайджанскай сталіцы.

Баку, Азербайджан
Разам з Керымлі затрыманыя некалькі яго прыхільнікаў, паведамляе азербайджанская служба Радыё Свабода. Праваахоўнікі паведамілі пра затрыманне 60 дэманстрантаў, пазней 42 з іх былі адпушчаныя.
Пратэстоўцы збіраліся выступіць, сярод іншага, з заклікам стварыць умовы для правядзення сумленных выбараў, вызваліць палітычных зняволеных і вырашыць канфлікт у Нагорным Карабаху, паведаміла інтэрнэт-выданне «Каўказскі вузел». Улады прапаноўвалі актывістам правесці акцыю не на плошчы, а на стадыёне спартыўнага клуба ў пасёлку Локбатан, пазначылі ў паліцыі.
Затрыманні апазіцыянераў у Баку пачаліся яшчэ ў чацвер, 17 кастрычніка. Большасць затрыманых абвінавацілі па адміністрацыйных артыкулах у дробным хуліганстве і непадпарадкаванні паліцыі і арыштавалі на тэрміны ад 10 да 30 сутак.
Адміністрацыя метрапалітэна днём у суботу закрыла станцыі метро «28 траўня» і «Джафар Джаббарлы» у цэнтры горада, СМІ таксама паведамляюць аб адключэнні мабільнага інтэрнэту ў цэнтральнай частцы Баку.

Паліцыя на вуліцах Баку
Арганізатары мітынгу 19 кастрычніка — Нацыянальны савет дэмакратычных сіл (НСДС) — патрабуюць вызвалення палітвязняў, стварэння ўмоў для дэмакратычных выбараў, адмены ліміту на карыстанне электраэнергіяй і прыродным газам, аднаўлення выплаты дзіцячых дапамог і рашэнні карабахскай праблемы.
Еўрасаюз заклікаў улады Азербайджана расследаваць затрыманні некалькіх дзясяткаў чалавек, якія спрабавалі правесці ў Баку мірны мітынг. Брусэль звярнуў асаблівую ўвагу на «празмернае прымяненне сілы» для разгону натоўпу і арыштаў удзельнікаў акцыі. Свабода сходаў з'яўляецца фундаментальным правам чалавека, падкрэсліваецца ў заяве. ЕС чакае ад уладаў Азербайджана яго выканання ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі рэспублікі. Брусэль заклікаў вызваліць мірных дэманстрантаў.
Паводле замежнай прэсы