Комік Джымі Маралес стаў прэзідэнтам Гватэмалы

Былы камедыйны акцёр Джымі Маралес у пятніцу стаў прэзідэнтам Гватэмалы. На цырымоніі інаўгурацыі прысутнічаў віцэ-прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, былы кароль Іспаніі Хуан Карлас I, а таксама лідары краін Паўднёвай Амерыкі.



img_443889.jpg

У сваёй інаўгурацыйнай прамове Маралес заклікаў грамадзян згуртавацца для барацьбы з карупцыяй і беднасцю і падзякаваў тым, хто ўжо вядзе гэтую барацьбу, паведамляе ВВС.

46-гадовы Джымі Маралес атрымаў перамогу на кастрычніцкіх выбарах на фоне гучнага карупцыйнага скандалу, з-за якога сваю пасаду быў вымушаны пакінуць яго папярэднік на пасадзе кіраўніка дзяржавы Ота Перэс Малін.

Малін, які адмаўляе абвінавачванні ў свой адрас, быў адхілены ад улады і пазбаўлены недатыкальнасці па абвінавачванні ў атрыманні хабараў ад імпарцёраў за вызваленне ад мытных пошлін.

Джымі Маралес — вядомы гватэмальскі акцёр і прадзюсар. Рэзкі ўзлёт яго папулярнасці палітолагі звязваюць са стомленасцю грамадзян Гватэмалы ад палітыкаў традыцыйнага плана і карупцыі.

Як паведамляе карэспандэнт ВВС у Цэнтральнай Амерыцы, існуе шэраг асцярог адносна  здольнасцяў Маралеса кіраваць краінай, бо ён значна лепш разбіраецца ў камедыі, чым у палітыцы. Акрамя таго, як адзначаюць эксперты, яго перадвыбарная праграма займала ўсяго шэсць старонак друкаванага тэксту, і па ёй было вельмі складана судзіць аб тым, як Маралес збіраецца выводзіць краіну з крызісу.

Падчас інаўгурацыі ён сказаў, што разумее ўсю складанасць сітуацыі, што яе паляпшэнне здаецца амаль немагчымым. Маралес сказаў, што "верыць у цуды", і запэўніў, што зможа справіцца з гэтай складанай задачай.