Лідар украінскай прарасійскай арганізацыі «Оплот» застрэлены ў Падмаскоўі

У Падмаскоўі 19 верасня быў забіты лідар украінскай прарасійскай арганізацыі «Оплот» Яўген Жылін. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах.

Яўген Жылін Фота: argumentua.com

Яўген Жылін Фота: argumentua.com


Жылін быў застрэлены ў рэстаране «Ветрык» у пасёлку «Горкі-2» на Рублёва-Успенскай шашы. Яго спадарожнік Андрэй Козыраў быў шпіталізаваны з цяжкімі раненнямі.
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па артыкулах «забойства дзвюх і больш асоб» (ч. 2 арт. 105 КК РФ) і «незаконны абарот зброі» (арт. 222 КК РФ), паведамляе «Інтэрфакс».
Па папярэдніх дадзеных крыніц, забойца чакаў сваіх ахвяр за столікам у рэстаране і адкрыў агонь, як толькі тыя зайшлі ва ўстанову. Пасля забойства ён з'ехаў на аўтамабілі з кіроўцам, што чакаў яго каля рэстарана, сказаў суразмоўца агенцтва.
Яўген Жылін быў вядомы як лідар харкаўскай прарасійскай арганізацыі «Оплот», якая падчас пратэстаў ва Украіне ў канцы 2013 — пачатку 2014 года выступала супраць Еўрамайдана, а пасля змены ўлады ў краіне ўдзельнічала ў арганізацыі так званых атрадаў самаабароны на паўднёвым усходзе краіны (цяперашні кіраўнік самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Аляксандр Захарчанка быў лідарам мясцовай філіі «Оплота»). Арганізацыя згадваецца і ў меркаваных тэлефонных размовах памочніка прэзідэнта РФ Сяргея Глазьева аб арганізацыі масавых прарасейскіх акцый ва ўкраінскіх гарадах.
У 2014 годзе паведамлялася, што Жылін пакінуў Украіну.
СМІ называлі Жыліна фігурантам некалькіх крымінальных спраў, узбуджаных ва Украіне, у тым ліку аб стварэнні незаконных узброеных фарміраванняў, нападзе на актывістаў Еўрамайдана, прысваенні сродкаў Харкаўскага гарадскога савета і замаху на міністра ўнутраных спраў Арсена Авакава. Ён быў завочна арыштаваны ва Украіне.
Паводле meduza.io