Літва. Узнагароды за затрыманую кантрабанду
Літоўскім памежнікам, мытнікам і паліцыянтам у мінулым годзе за затрыманую кантрабанду выплацілі ўзнагароды на суму больш за 170 тысяч еўра.
Фота www.tvn24.pl
Найбольш атрымалі мытнікі — больш 102 тысяч еўра. Мытны дэпартамент Літвы інфармаваў, што ўзнагароды атрымалі 178 супрацоўнікаў. У тым ліку 44,5 тысяч еўра — памежнікі, а паліцыянты — каля 30 тысяч еўра.
Узнагароды выплачаныя са сродкаў, выдзеленых вытворцамі тытунёвых вырабаў.
Урад Літвы на пачатку снежня 2014 года зацвердзіў палажэнні, згодна з якімі, ведамствы па барацьбе з кантрабандай супрацоўнічаюць з вытворцамі тытунёвых вырабаў.
Згодна з палажэннем, сродкі, якія выдзяляюцца вытворцамі тытунёвай прадукцыі, размяркоўваюцца паміж ведамствамі прапарцыйна з улікам таго, якая частка кантрабанды была імі затрыманая.
Гэтыя грошы ідуць не толькі на ўзнагароды, але і на набыццё неабходных для барацьбы з кантрабандай сродкаў.
У канцы 2015 кантрабандныя цыгарэты складалі каля пятай часткі ўсіх цыгарэт у краіне, гэта афіцыйныя вынікі даследавання ўпаковак, праведзеныя кампаніяй Nielsen.
У чацвёртым квартале мінулага года частка кантрабандных цыгарэт склала 19,6%, то бок на 8,8% менш, чым у канцы 2014 году (28,4%).