Маразы ва Украіне. У трох абласцях зачыняюцца школы
Вымушаныя канікулы абвясцілі ў трох абласцях Украіны да пачатку лютага.

Фота: facebook.com/ukrgmc.official
Ва Украіне з-за моцных маразоў адмяняюць заняткі ў школах. Так, вучняў распусцілі ў Новамаскоўску Днепрапятроўскай вобласці, паведамляе ТСН.
Для вучняў малодшай школы вымушаныя канікулы працягнуцца да серады, 1 лютага. Такое рашэнне напярэдадні прыняў гарадскі аддзел адукацыі.
У Луганскай вобласці заняткі прыпынілі ў школах Севераданецку. Калі маразы адступяць, дык заняткі ў школах адновяць у чацвер, 2 лютага, адзначае Корреспондент.net.
У Харкаўскай вобласці, дзе сёння чакаецца 22 градусы марозу, вымушаныя канікулы вучням 1-4 класаў таксама зладзілі ад панядзелка, 30 студзеня, да 1 лютага.
Адзначым, што сёння найбольш нізкая тэмпература чакаецца на ўсходзе Украіны, найбольш высокая — на захадзе і паўднёвым захадзе.
