Раптоўна памёр экс-верхавод баевікоў «ЛНР» Болатаў
Памёр экс-верхавод баевікоў «ЛНР» Валерый Болатаў, пра гэта паведаміў былы «прэм’ер-міністр» «ДНР» Аляксандр Барадай, спасылаючыся на інфармацыю, атрыманую ад блізкіх памерлага, паведамляе «РБК».
Агенцтва заявіла, што яго ўласныя крыніцы інфармацыю пра смерць Болатава таксама пацвярджаюць. Прычыны смерці пакуль высвятляюцца (папярэдне — сардэчны прыступ). Падкантрольнае баевікам інфармацыйнае агенцтва «Новороссія» таксама напісала пра смерць Болатава, спасылаючыся на крыніцу ў «саюзе добраахвотнікаў Данбаса».
Ураджэнец горада Стаханава Луганскай вобласці Болатаў, якога называлі блізкім да экс-рэгіянала Аляксандра Яфрэмава, быў верхаводам баевікоў «ЛНР» у красавіку-жніўні 2014 года. У жніўні ён заявіў, што сыходзіць у адстаўку з-за ранення.
У снежні 2016 года Болатаў даў інтэрв’ю расейскаму выданню «Росбалт», у якім распавёў, што летам 2014 года тагачасны «міністр абароны» баевікоў Ігар Платніцкі сабатаваў яго загады, а яго батальён «Зара» ў правакацыйных мэтах абстрэльваў Луганск. Узброены канфлікт на ўсходзе Украіны пачаўся ў красавіку 2014 года. Баявыя дзеянні вядуцца паміж Узброенымі сіламі Украіны і прарасейскімі баевікамі, якія кантралююць частку Луганскай і Данецкай абласцей.
Паводле «Радыё Рацыя»