Мінабароны Украіны: на мяжы стаіць 60-тысячнае расійскае войска
У напрамку ўсходніх і паўднёвых абласцей Украіны ідзе стварэнне аператыўна-тактычных груповак войскаў Расіі, агульная колькасць якіх можа дасягаць больш за 60 тысяч чалавек.
Пра гэта паведаміў выканаўца абавязкаў міністра абароны Украіны Ігар Ценюх падчас пазачарговага пасяджэння Кабінету міністраў Украіны.
Расія працягвае нарошчваць ваенныя групоўкі на тэрыторыі Аўтаномнай рэспублікі Крым з мэтай стварэння спрыяльных умоў легітымізацыі рэферэндуму, які праходзіць у аўтаноміі 16 сакавіка.
Агульная колькасць такіх фармаванняў на тэрыторыі Крыму складае каля 21,5 тысячы чалавек.
«А ў паўночных, паўночна-ўсходніх і паўднёвых кірунках паблізу мяжы Украіны не выключаем стварэння аператыўна-тактычных груповак войскаў Расіі, дзе працягваюцца правакацыі ва ўсходніх і паўднёвых рэгіёнах Украіны з мэтай стварэння ўмоў для паўтору „крымскага сцэнару“ на названых тэрыторыях. Агульная колькасць груповак войскаў РФ на гэтых напрамках можа складаць больш за 60 тысяч чалавек», — заявіў Ценюх.
Ценюх таксама адцеміў, што Расія пагадзілася на перамір’е ў Крыме да 21 сакавіка. Перамір’е дасягнутае з Міністэрствам абароны Расіі і расійскім Чарнаморскім флотам у той час, калі выбарцы ў Крыме галасавалі на рэферэндуме.
Расійскія вайскоўцы блакуюць украінскія часткі на іх базах у Крыме з 28 лютага. Ценюх адзначыў, што ў межах перамір’я, якое працягнецца да 21 сакавіка, Расея паабяцала, што адносна вайсковых аб’ектаў Украіны ў Крыме «не будуць прымацца ніякія меры». Па словах Ценюха, разблякаванне дасць магчымасць украінскім часткам папоўніць запасы.