На прэзідэнцкіх выбарах у Турэччыне перамог Эрдаган. Абяцае «новую эру»

Прэм’ер-міністар Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў аб «новай эры» сацыяльнага ўзаемадзеяння ў сваёй краіне пасля перамогі ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў 10 жніўня.



erdahan.jpg

«Сёння мы блізкія да новай эры і робім першы крок у новую эру, — заявіў Эрдаган падчас святочнага выступу.— Давайце пачнём перыяд сацыяльнага ўзаемадзеяння і пакінем старыя дыскусіі ў старой Турэччыне».


Паводле папярэдніх падлікаў галасоў, Рэджэп Таіп Эрдаган атрымаў каля 52% галасоў выбаршчыкаў і перамог у першым туры.


Старшыня выбарчай камісіі Турэччыны паведаміў, што Эрдаган атрымаў абсалютную большасць галасоў у першым туры, а канчатковае абвяшчэнне вынікаў павінна адбыцца 11 жніўня.


Рэджэп Таіп Эрдаган, прадстаўнік ісламісцкай партыі «Справядлівасць і развіццё», быў прэм’ер-міністрам Турэччыны цягам 11 гадоў. Паводле Эрдагана, ён хоча змяніць Канстытуцыю, надаўшы прэзідэнту больш паўнамоцтваў.


Раней прэзідэнта ў Турэччыне, які ў цяперашні час мае пераважна цырыманіяльныя паўнамоцтвы, выбіраў парламент.

svaboda.org