Памёр нобелеўскі лаўрэат Лю Сяобо

Кітайскі праваабаронца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Лю Сяобо памёр ва ўзросце 61 года. Пра гэта паведамляе Reuters.

Здымак Reuters

Здымак Reuters


Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру памёр 13 ліпеня ў універсітэцкай клініцы горада Шеньян на паўночным усходзе Кітая. Раніцай 12 ліпеня паступілі паведамленні, што стан здароўя Лю Сяобо зноў пагоршыўся, у яго заражэнне крыві і адмовілі жыццёва важныя органы.
У чэрвені гэтага года ў сувязі з хваробай Лю Сяобо вызвалілі з турмы, дзе ён адбываў 11-гадовы тэрмін.
Праваабаронцу арыштавалі ў 2008 годзе пасля таго, як ён падпісаў маніфест «Хартыя-2008" з заклікам да дэмакратычных рэформаў у Кітаі. У 2009 годзе Лю Сяобо прысудзілі да 11 гадоў пазбаўлення волі за «падрыў дзяржаўнага ладу».
У 2010 годзе Лю Сяобо атрымаў Нобелеўскую прэмію міру «за доўгую і негвалтоўную барацьбу за асноватворныя правы чалавека ў Кітаі». Улады Кітая назвалі рашэнне нобелеўскага камітэта «непрыстойным». Жонку праваабаронцы пасадзілі пад хатні арышт, а месца, адведзенае для лаўрэата пры ўручэнні прэміі ў Осла, засталося пустым.
Паводле tut.by