«Паўночны паток-2» пагражае экалогіі Балтыйскага мора
Будаўніцтва газаправода "Паўночны паток-2", які Расея мае намер ажыццявіць у абыход тэрыторыі Украіны, нясе пагрозу для экалогіі Балтыйскага мора і Фінскага заліва, паколькі патрабуе абясшкоджвання (выбуху) снарадаў часоў Другой сусветнай вайны, якія ляжаць на дне мора.
Пра гэта са спасылкай на фінскае выданне Kymen Sanomat паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook дарадца міністра энергетыкі і вугальнай прамысловасці Украіны Максім Бяляўскі, піша unian.net.
"Пракласці 374 кіламетра трубы толькі ў водах Фінляндыі магчыма пасля абясшкоджвання 87 боепрыпасаў на дне мора. Гэта выкліча памутненне вады, шум і рэзкае змяненне ціску, і створыць пагрозу для экасферы", — напісаў Бяляўскі.
У пачатку сакавіка кіраўнік Міністэрства экалогіі і прыродных рэсурсаў Украіны Астап Семерак заяўляў, што міністэрства далучыцца да позвы нямецкай экалагічнай арганізацыі Nabu, якая судзіцца супраць даччыных структур "Газпрама" з-за экалагічных наступстваў будаўніцтва "Паўночнага патоку-2".
Праект "Паўночны паток-2" прадугледжвае будаўніцтва і працу дзвюх нітак газаправода агульнай магутнасцю 55 мільярдаў кубаметраў газу ў год ад узбярэжжа Расbі праз Балтыйскае мора ў Нямеччыну. Новы трубаправод плануецца пабудаваць побач з ужо існуючым "Паўночным патокам-1". Будаўніцтва газаправода павінна пачацца ў 2018 годзе і завяршыцца да канца 2019 года. Працягласць трубаправода складзе 1220 кіламетраў, ён павінен злучыць расійскую Усць-Лугу і нямецкі Грайфсвальд. Супраць будаўніцтва "Паўночны паток-2" выступае Украіна. Паводле ацэнак старшыні праўлення НАК "Нафтагаз Украіны" Андрэя Коболева, "Паўночны паток-2" зусім не спрыяе дыверсіфікацыі паставак газу ў Еўрасаюз і не забяспечвае яму доступ да новых крыніц газу. 5 красавіка 2018 Вярхоўная Рада Украіны заклікала міжнародную супольнасць зрабіць усё магчымае для забароны будаўніцтва газаправода "Паўночны паток-2".