Польшча можа забараніць уезд іншаземцам без прышчэпак
Міністэрства аховы здароўя Польшчы працуе над законапраектам, які забараняе ўезд у краіну іншаземцам без прышчэпак, паведамляе польская газета Rzeczpospolita са спасылкай на міністра аховы здароўя Польшчы Лукаша Шумоўскага.
Адной з прычын такіх мер з'яўляецца ўспышка адру ў краіне, паведамляе belta.by.
З 1 студзеня да 31 кастрычніка ў Польшчы выяўленыя 144 выпадкі адру. У мінулым годзе ў аналагічным перыядзе часу такіх выпадкаў было значна менш – 59. У апошніх днях у Мазавецкім ваяводстве пацверджаны 18 выпадкаў захворванняў і падазрэнняў на захворванне адром.
«Усе выпадкі адру – гэта завезены вірус. У Польшчы няма радзімага адру. Я спадзяюся, што ў будучым годзе Сусветная арганізацыя аховы здароўя назаве Польшчу краінай без радзімага адру. Месцы, куды быў завезены адзёр, абмяжоўваюцца некалькімі выпадкамі хваробы. Гэта доказ таго, што прышчэпкі і прафілактычныя дзеянні з'яўляюцца вельмі эфектыўнымі», – сказаў міністр аховы здароўя Лукаш Шумоўскі, перадае radyjo.net.
«У нас няма эпідэміі адру. Сітуацыя добрая, больш за 90% людзей прышчэпленыя. Мы бяспечныя, але, каб так засталося, нам трэба прышчэплівацца. Варта гэта падкрэсліваць у сітуацыі, калі папулярным з'яўляецца трэнд нежадання рабіць прышчэпкі. Калі колькасць не прышчэпленых асоб будзе расьці, сітуацыя можа стаць небяспечнай», – сказаў міністар.
У Беларусі ў 2018 годзе зарэгістраваны 241 выпадак адзёру, захворванне з'яўлялася ў кожным рэгіёне краіны. У 26% выпадкаў у тых, хто захварэў, па медыцынскіх дакументах, было па дзве прышчэпкі — як і трэба па нацыянальным календары, паведамляе tut.by. З 241 выпадкі адру ў Беларусі ў 25% выпадкаў хварэлі дзеці, у 75% — дарослыя.