Пуцінскі бронецягнік стаў галаўным болем для расійцаў, з-за яго рвецца графік руху па чыгунцы
Перамяшчэнне прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна на бронецягніку, замест звыклых яму самалётаў, на якіх дыктатар раз'язджаў раней, стала сапраўдным галаўным болем для расейцаў. Але жыхары РФ вымушаны мірыцца з сітуацыяй, якая, імаверна, выклікана страхамі палітыка за сваю бяспеку.
Пуцінскі спеццягнік. Ілюстрацыя з Youtube
У пятніцу, 17 лютага, праз чарговую паездку Пуціна спыніўся
рух на адной з самых загружаных галінак Масквы — Маскоўска-Цвярской. Аб гэтым
піша The Moscow Times.
Паводле даных выдання, рух цягнікоў, якія ідуць ад
Ленінградскага вакзала, спыніўся ў 18:15 па маскоўскім часе. У выніку на
ўчастку ад станцыі Массельмаш у вобласць па ўсіх шляхах утварыўся велізарны корак. Вагонам з пасажырамі прыйшлося прастаяць да 18:50 у чаканні, пакуль расійскі лідар дабярэцца на сваім бронецягніку да асабістай рэзідэнцыі ў Валдаі.
Інфармацыю аб спыненні руху праз пуцінскі спеццягнік
пацвердзілі СМІ работнікі Маскоўска-Цвярской прыгараднай пасажырскай кампаніі.
Як пракаментаваў выданню блізкі да Крамля расійскі палітолаг
Сяргей Маркаў, Пуцін арганізаваў сваю паездку ў Валдай для таго, каб завяршыць
падрыхтоўку паслання Федэральнаму сходу. Як вядома, адпаведны выступ Пуціна
плануецца 21 лютага.
«Транспартнікі, відавочна, незадаволеныя тым, што
бронецягнік Пуціна ірве расклад, і «зліваюць» інфармацыю аб яго
руху», — заявіў ён.
Нядаўна стала вядома, што расійскі дыктатар у страху за сваё
жыццё наважыўся змяніць тып транспарту і перасеў з самалётаў на бронецягнік.
Такое рашэнне ён прыняў вясной 2021 года, калі яго армія пачала актыўна
рыхтавацца да ўварвання ва Украіну з меркаванняў, што бронецягнік складаней
адсачыць, чым самалёт.
Паводле звестак СМІ, для Пуціна пабудавалі сакрэтную сетку
чыгунак і станцый, якія вядуць да яго асабістых рэзідэнцый.
Адна з такіх знаходзіцца ў Валдаі. Журналісты высветлілі,
што гэта адно з самых улюбёных месцаў прэзідэнта. Увосень 2022 года яны выявілі
на тэрыторыі Валдайскага нацыянальнага парку ахоўную чыгуначную станцыю з
верталётнай пляцоўкай побач з вёскай Доўгія Бароды. Імі можа карыстацца
выключна Пуцін.
Чыгуначны транспарт прэзідэнта РФ замаскіраваны пад звычайны
цягнік. На дадзены момант, акрамя Валдая, ён пабудаваў для сябе спецплатформы ў
Маскве і Маскоўскай вобласці.