Расследаванне: Да рэзідэнцый Пуціна падвялі сакрэтную чыгунку, яго самога возяць на бронецягніку
Для прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна пабудавалі сакрэтную сетку чыгуначных дарог і станцый, якія вядуць да яго асноўных рэзідэнцый, распавядае «Праект».
Гэта пацвярджае расследаванне цэнтра «Дасье» аб тым, што Пуцін апошнім часам стаў радзей карыстацца самалётамі і часцей перасоўвацца на браняваным чыгуначным спецсаставе.
Паводле даных «Праекта», адна з ахоўных чыгуначных
станцый з верталётнай пляцоўкай знаходзіцца на тэрыторыі Валдайскага
нацыянальнага парку, побач з вёскай Доўгія Бароды. Гэта бліжэйшы населены
пункт да рэзідэнцыі Пуціна на Валдаі. Як паведамілі карэспандэнту «Праекта»
трое мясцовых жыхароў, чыгуначная ветка пабудавана толькі для прэзідэнта, а ахоўнік
прагнаў журналіста, калі той паспрабаваў падысці да плота станцыі.
Акрамя гэтага, былы машыніст, які працаваў на маршруце паміж
Масквой і Санкт-Пецярбургам, распавёў выданню, што чыгунка ў Валдаі раней была
«ў жахлівым стане», але, калі пачалі будаваць адрэзак да пуцінскай рэзідэнцыі, частку шляхоў, па якіх павінен быў прайсці састаў,
адрамантавалі, «а тыя ўчасткі, куды яму не трэба, рамантаваць не сталі».
Станцыя і дарога для Пуціна на Валдаі былі пабудаваны ў 2019 годзе, піша выданне, спасылаючыся на здымкі са спадарожніка.
Іншая станцыя размешчана за 400 метраў ад рэзідэнцыі Пуціна ў
Нова-Агарове Маскоўскай вобласці, распавядаюць журналісты. Паводле звестак
выдання, яна з'явілася ў 2015 годзе, а зямля пад станцыяй была канфіскавана з
прыватнай уласнасці на карысць Федэральнай службы аховы. «Сама спецстанцыя разлічана на
невялікую колькасць вагонаў і схавана за высокім плотам, на якім кожныя 10
метраў усталяваны камеры назірання», — гаворыцца ў журналісцкім расследаванні.
У раёне 2017 года, як сцвярджаюць журналісты, таксама была
пабудавана платформа і тупіковая чыгуначная ветка ля рэзідэнцыі «Бачароў
Ручай» у Сочы. Яна таксама схавана за плотам.
Паводле слоў былога машыніста, з якім паразмаўляў «Праект»,
браняпоезд Пуціна базіруецца ў дэпо на станцыі «Масква-Каланчоўская», дзе
знаходзіцца закрыты вакзал. У 2017 годзе да яго перона паклалі новую аўтадарогу
для картэжа, заяўляюць расследавальнікі.
Напярэдадні цэнтр «Дасье» распавёў, што Пуцін стаў
часцей падарожнічаць не на самалётах прэзідэнцкага атрада, а на браняваным
цягніку. Як заявілі журналісты, бронецягнік з выгляду падобны на звычайны чыгуначны састаў, толькі замест чатырох вагонных восей у яго шэсць, замест аднаго лакаматыва
— некалькі, а на даху размешчана спецабсталяванне.
Паводле «Новай газеты. Еўропа».