Куды знік Лукашэнка? Паляцеў да Пуціна, але ў Беларусь не вярнуўся
Учора Аляксандр Лукашэнка накіраваўся на чарговую сустрэчу з Уладзімірам Пуціным. Увечары прапагандысцкія медыя распаўсюдзілі інфармацыю аб перамовах у рэзідэнцыі расійскага кіраўніка ў Нова-Агарове.
Нічога
сенсацыйнага прапагандысты не паказалі. Звычайная размова двух палітыкаў
пенсійнага ўзросту. У асноўным пра эканоміку і тавараабарот, нібыта няма ва
Украіне аніякай вайны. Але вось дзіва: той жа лукашэнкаўскі рупар
тэлеграм-канал «Пул Першага» абмежаваўся літаральна некалькімі паведамленнямі
аб сустрэчы, а пасля нібыта ў рот вады набраў. Як і іншыя дзяржаўныя СМІ.
Гэта вельмі
кантрастуе са звычайнымі (і вельмі рэдкімі) візітамі Лукашэнкі за мяжу. Іх
прапаганда асвятляе з неверагодным імпэтам, апавядаючы ледзь не пра кожны крок
свайго куміра. Дастаткова ўзгадаць нядаўнюю паездку ў Зімбабвэ — захлёбваючыся,
дзяржаўны агітпрап званіў пра яе ў званы колькі дзён запар.
А тут, здавалася
б, найлепшы саюзнік, усходні сябар, з якім столькі пройдзена ў бесперапынных
крыжовых паходах супраць калектыўнага Захаду… І на табе: у дзяржаўных медыя пра
чарговую сустрэчу пануе вакуум.
Дык ці дамовіліся
да чаго-небудзь? Ці падпісалі якія-небудзь дакументы? Што там з інтэграцыяй,
крэдытамі, імпартазамяшчэннем? Нарэшце, што з далейшай вайной, гадавіна пачатку
якой якраз на падыходзе? Дай адказ.
Не дае адказу.
Не было
інфармацыі і пра вяртанне Лукашэнкі дадому. Паводле некаторых звестак, ён пакуль
застаецца ў Расіі.
Выданне Reform.by між тым заўважыла
ў анлайн-сервісах, што Boeing 737-800 з бартавым нумарам EW-001PA, на якім
Лукашэнка паляцеў у Маскву, сёння а 14:02 MSK вылецеў з маскоўскага аэрапорта «Унукава» і прызямліўся ў Цвярской вобласці РФ.
Ці знаходзіцца на
борце сам Лукашэнка, або борт перагналі ў Цвярскую вобласць без 68-гадовага пасажыра,
пакуль не ясна.
Выданне нагадвае,
што ў Цвярской вобласці на тэрыторыі нацыянальнага парку «Завідава» знаходзіцца
дзяржаўная рэзідэнцыя «Русь». У чэрвені 2022 года Лукашэнка ўжо быў у гэтай
рэзідэнцыі на запрашэнне Пуціна. Тады ён знік на некалькі дзён і пра яго лёс
таксама нічога не было вядома. Потым Лукашэнка і Пуцін усё ж з'явіліся на
публіцы, затым паехалі ў Санкт-Пецярбург і там Лукашэнку паказалі порт
«Бронку». У пачатку лютага 2023 года стала вядома, што порт «Бронка» можа быць
перададзены беларускаму боку.
Раней
паведамлялася, што 21 лютага Пуцін звернецца з пасланнем да Федэральнага сходу.
На наступны дзень плануюцца пасяджэнні абедзвюх палат расійскага парламента, а
таксама мітынг з удзелам Пуціна. У Маскву з візітам прыбыў так званы прэзідэнт
Абхазіі Аслан Бжанія, а 22 лютага там чакаюць кіраўніка яшчэ адной непрызнанай
тэрыторыі — Паўднёвай Асеціі Алана Гаглаева.