Тышкевіч: На перамовах у Расіі Лукашэнку будуць выкручваць рукі

Аляксандр Лукашэнка працягвае свой візіт у Расію ў абстаноўцы строгай сакрэтнасці. Пайшоў другі дзень, а асаблівых навін аб перамовах з Уладзімірам Пуціным беларуская прапаганда не генеруе. Пра тое, што можа чакаць Лукашэнку ў Расіі, разважае палітычны эксперт Ігар Тышкевіч. 

Фота bestmaps.ru

Фота bestmaps.ru

— Зрабіўшы шэраг рэзанансных заяваў па ўнутранай і знешняй палітыцы, кінуўшы пагрозы ядзернай вайной, Лукашэнка прадказальна паляцеў у Маскву, — цытуеІгара Тышкевіча «Салідарнасць» са спасылкай на яго новы стрым. — Сапраўды, для Пуціна ёсць сэнс выклікаць свайго беларускага «калегу» на даклад.

На думку аналітыка, цяпер паралельна ідуць некалькі працэсаў:

1. Беларусь уступае ў электаральны год і працэс трансфармацыі палітычнай сістэмы. Шлях па алгарытме Лукашэнкі, але ў Крамля лагічнае пытанне — а дзе месца РФ?

2. Знешнепалітычныя працэсы вакол Беларусі — пашырэнне ШАС, крызіс АДКБ і, нарэшце, узнікненне ў шэрагу еўрапейскіх палітыкаў ідэі адцягвання Беларусі з-пад уплыву Крамля.

3. Вайна Расіі супраць Украіны і падрыхтоўка новага наступу. Тут пытанне забеспячэння, кааперацыі і магчымага ўдзелу Лукашэнкі ў расійскіх авантурах.

4. Пытанне маштабавання вайны — як выкарыстоўваць Беларусь у якасці каталізатара для ўцягвання ў вайну новых дзяржаў.

— Адным словам, пагаварыць ёсць аб чым. І небяспека для Беларусі як дзяржавы каласальная. Ёсць небяспека і асабіста для Лукашэнкі. Больш за тое, яго страх з'яўляецца адным з ключавых элементаў магчымай палітычнай рэакцыі, — лічыць Ігар Тышкевіч.

Ён задаецца пытаннем: ці можа «адпятляць» Лукашэнка? І з чым ён вернецца з Масквы?

— Для яго на сёння варыянт — гэта ўцячы з Масквы як мага хутчэй, гэта значыць, не заставацца на пасланні Пуціна (якое прызначанае на аўторак), не заставацца, каб цябе ўламвалі, — тлумачыць эксперт. — Але уламваць яго будуць і выкручваць рукі будуць. Угаворваць, каб ён там пагасціў, паездзіў па Маскве, пасядзеў пад Масквой, пагаварыў некалькі разоў з Пуціным. Тым больш нездарма ж цяпер у Маскве знаходзіцца кіраўніцтва так званых Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Гэта значыць, будуць ламаць, будуць нахіляць.

Ігар Тышкевіч лічыць, што цяпер самае важнае для Лукашэнкі — гэта паспрабаваць вырвацца.

— На што ён можа пайсці ў адказ? Абяцанне. Хоць у Маскве ўсё менш у іх вераць. Альбо можа яшчэ раз аднавіць размову аб наднацыянальных холдынгах, гэта значыць здаваць пазіцыі па частках — здаваць Беларусь не оптам, а ў розніцу. Можа таксама абяцаць прарасійскія партыі, — мяркуе палітолаг.

І ўсё ж аналітык не выключае, што шанцы вярнуцца «проста пагаварыўшы» ёсць.

— Тэарэтычна Лукашэнка пры наяўнасці здаровага страху ад наступстваў можа і «адпятляць», — мяркуе ён. — Ці так гэта будзе? Ёсць два варыянты праверкі. Першы — калі менавіта ён паляціць назад. І другі —глядзім пасланне Пуціна.