Расія. Кашпіроўскі як прыкмета катастрофы
Постсавецкае грамадства перажывае рэнесанс папулярнасці Анатоля Кашпіроўскага — «псіхатэрапеўта», які праславіўся напрыканцы 1980-х гадоў тым, што лячыў па тэлевізары ўсе хваробы. Пасля распаду СССР і прыходу на экраны серыялаў Кашпіроўскі страціў аўдыторыю.
І вось знакаміты экстрасэнс вяртаецца. Яго ролікі на Youtubе, дзе ён дапамагае перамагчы каронавірус, карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Пры гэтым у чатах з’яўляюцца знаёмыя па часах 1980-х гадоў каментары. «Шум у вушах цалкам знік», — напісала адна жанчына. Іншы аматар Кашпіроўскага паведаміў, што хранічны боль у шыі прайшоў на працягу трох хвілін.
На першы погляд, сітуацыя вартая анекдоту. Між тым, маскоўская газета «Новые Известия» нагадвае: бум цікавасці да Кашпіроўскага здарыўся, калі пачаў развальвацца СССР, а вар’яцкія выступы экстрасэнса глядзелі літаральна ўсе, адчуваючы набліжэнне канца эпохі і хуткае разбурэнне ўсяго савецкага ладу жыцця.
У гэтым плане цяперашні інтарэс да сеансаў Кашпіроўскага можа стаць уверцюрай буйных палітычных узрушэнняў у Расіі, да якіх насельніцтва ментальна ўжо гатовае.
Паводле расійскай прэсы