Праваабаронцы заклікаюць адмовіцца ад арыштаў на перыяд распаўсюджвання COVID-19
"Вясна" заклікае адмовіцца ад арыштаў на перыяд распаўсюджвання віруса COVID-19. Адміністрацыйны арышт ва ўмовах пандэміі парушае канстытуцыйнае права на жыццё і ахову здароўя, перакананыя праваабаронцы. І заклікаюць вызваліць ад адміністрацыйнага арышту актывістаў экалагічнага пратэсту ў Брэсце.
Ва ўмовах абвешчанай Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя пандэміі, на ўладах Беларусі ляжыць абавязак — неадкладна распачаць меры па папярэджанні распаўсюджвання віруса сярод катэгорый людзей, найбольш схільных да небяспецы заражэння: з нізкім прыбыткам, бяздомных, залежных ад алкаголю, а таксама зняволеных.
Звесткі пра распаўсюд рэспіраторных захворванняў, а таксама віруса COVID-19 сярод людзей, якія адбываюць адміністрацыйны арышт, сведчаць аб тым, што прафілактычных захадаў, што прымаюцца ўладамі, відавочна недастаткова. Большая частка ад усёй колькасці арыштаваных (больш за 70 000 чалавек у год) адносяцца да ўразлівых груп насельніцтва.
Улічваючы працяглы інкубацыйны перыяд віруса COVID-19, а таксама адсутнасць надзейных спосабаў яго дыягностыкі ў тых, хто паступае ў месцы ізаляцыі правапарушальнікаў, праваабаронцы ўпэўненыя ў тым, што гэтыя месцы стануць агменямі распаўсюджвання віруса. Адначасова пад пагрозай заражэння аказваюцца супрацоўнікі ізалятараў і іх сем'і, а таксама семейнікі людзей, якія адбылі тэрмін арышту.
Самі па сабе адміністрацыйныя правапарушэнні і асобы, якія іх здзейснілі, па вызначэнні не нясуць грамадскай небяспекі. Санкцыі ўсіх артыкулаў Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях ўтрымліваюць альтэрнатывы адміністрацыйнаму арышту.
Такім чынам, адміністрацыйны арышт ва ўмовах пандэміі парушае канстытуцыйнае права на жыццё і ахову здароўя, а таксама прынцыпы адміністрацыйнай адказнасці: адміністрацыйная адказнасць павінна быць справядлівай і гуманнай; адміністрацыйнае спагнанне не мае на сваёй мэце прычыненне фізічных пакут фізічнай асобе, якая ўчыніла адміністрацыйнае правапарушэнне.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" заклікае беларускія ўлады адмовіцца на перыяд абвешчанай пандэміі ад прымянення адміністрацыйнага затрымання на тэрмін звыш 3-х гадзін і адміністрацыйнага арышту.
Адначасова праваабаронцы нагадваюць пра недапушчальнасць выкарыстоўваць адміністрацыйныя спагнанні ў мэтах абмежавання правоў чалавека і асноўных свабодаў, у тым ліку — свабоды выказвання меркаванняў і мірных сходаў. І заклікаюць вызваліць ад адміністрацыйнага арышту актывістаў экалагічнага пратэсту ў Брэсце — Аляксандра Кабанава, Дзмітрыя Андрасюка і Дзмітрыя Бекалюка.
Паводле spring96.org