Расія незадаволеная рашэннем АПЕК

Арганізацыя краін-экспарцёраў нафты зноў не стала ўсталёўваць абмежаванні на здабычу нафты краінамі-сябрамі.

 

007a0e50_ad38_4ca6_8e30_dfc0601cf18c_w987_r1_s.jpg

  

Гэта лічаць сведчаннем новай хвалі напругі паміж сябрамі АПЕК (ОРЕС), што зніжае яе эфектыўнасць. Вынікі сустрэчы арганізацыі раскрытыкавалі ў Расіі, якая да яе не належыць, але пакутуе ад нізкіх коштаў на нафту — яе вырашальнага экспартнага прадукту.

 

Арганізацыя краін-экспарцёраў нафты на сваёй сустрэчы ў Вене паказала адсутнасць адзінства, кажуць аглядальнікі. Галоўнае суперніцтва, як і раней, разгарнулася паміж Саудаўскай Аравіяй і Іранам, якія змагаюцца за ўплыў у рэгіёне не толькі ў нафтаздабываючай галіне.

 

Афіцыйна усё гучала добра. «Краіны-сябры, прымаючы сваё рашэнне, пацвердзілі сваю прыхільнасць стабільнаму і ўраўнаважанаму рынку нафты ў той час, як цэны знаходзяцца на прымальным узроўні і для здабытчыкаў, і для спажыўцоў», — пракаментаваў прэс-сакратар АПЕК Хасан Хафіз рашэнне не ўсталёўваць ніякіх абмежаванняў на здабычу нафты для краін-сябраў.

 

Цэны на нафту, якія ў студзені падалі да 25–27 долараў ЗША за барэль, зноў прыкметна выраслі, хоць ім і далёка да ўзроўню папярэдніх гадоў. Цяпер нафта прадаецца прыкладна па 50 долараў за барэль. Таму генеральны сакратар АПЕК Абдала Салех аль-Бадры таксама быў аптымістычны: «Цяпер аб’ёмы, якія мы здабываем, з пункту гледжання рынку разумныя: рынак іх прымае, цана паляпшаецца, таму рынак цалкам станоўчы, як мы гэта бачым».

 

Але ў той час, як Сырыя паабяцала прынамсі не ісці на рэзкае нарошчванне здабычы нафты і не ладзіць «шок на рынку», Іран прама заявіў, што не спыніцца, пакуль не давядзе сваю здабычу да ўзроўняў, якія існавалі да ўвядзення супраць яго міжнародных санкцыяў нядаўна адмененых.

 

Расія незадаволеная, што цэны на нафту не падвысілі

 

Такая «бяздзейнасць» АПЕК-картэля, які быў створаны з мэтай уплываць на сусветныя цэны на нафту, выклікала незадаволенасць у Расіі. Яна не адносіцца да гэтай арганізацыі, здабывае трэць усёй нафты на сусветным рынку, але цяпер пакутуе ад нізкіх коштаў на вуглевадароды, якія з'яўляюцца яе галоўным экспартным таварам.

 

Прадстаўнік расійскай нафтагазавай кампаніі «Раснафта», якая кантралюецца дзяржавай, Міхаіл Лявонцьеў раскрытыкаваў АПЕК за няздольнасць выконваць функцыі рэгулятара цэн. Як сказаў ён расійскаму агенцтву «ТАСС», гэтую арганізацыю можна параўнаць са «зданню» або з Лігай нацый. Гэта міжнароднае аб’яднанне, папярэднік цяперашняй ААН, крытыкавалі за няздольнасць прадухіліць Другую сусветную вайну, пасля яе заканчэння Лігу нацый распусцілі.

 

Паводле словаў Лявонцьева, рынак нафты патрабуе рэгулявання. Ён нават не выключыў, што ў будучыні функцыі АПЕК можа ўзяць на сябе нейкая новая арганізацыя.

 

А між тым картэль усё такі змог дасягнуць адзінства прынамсі ў адным пытанні, якое раней таксама выклікала ў ім шмат спрэчак: на сустрэчы выбралі новага будучага генеральнага сакратара АПЕК, які зойме пасаду ў жніўні. Ім стаў ветэран нафтавай галіны з Нігерыі Махамэд Баркіндо.


www.svaboda.org