Расія пазбавілася доступу да 300 млрд долараў ЗВР
Праз агрэсію ў дачыненні да Украіны расійскія золатавалютныя рэзервы замарожаныя. Расія страціла доступ прыкладна да 300 млрд долараў, заявіў міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў у эфіры праграмы «Масква. Крэмль. Пуцін» на канале «Расія 1».
«Нашы золатавалютныя рэзервы, у тым ліку Фонд нацыянальнага дабрабыту, замарожаныя. У нас у гэтай сувязі ўзніклі праблемы выканання нашых абавязацельстваў, у тым ліку даўгавых», — цытуе міністра REFORM.by.
Менавіта таму Расія не мае магчымасці выконваць дзяржаўныя абавязацельствы і збіраецца выконваць іх у расійскіх рублях.
«Мне здаецца, гэта абсалютна справядліва, калі мы гаворым, што мы не адмаўляемся ад выканання дзяржаўных абавязацельстваў. Будзем плаціць іх у рублях да таго моманту, калі нашы золатавалютныя рэзервы не будуць размарожаныя», — выказаў меркаванне Сілуанаў.
Ён звярнуў увагу на тое, што Расія будзе выкарыстоўваць незамарожаныя ЗВР для аплаты крытычнага імпарту, харчавання, медыкаментаў, цэлага шэрагу іншых жыццёва неабходных тавараў.
«Гэта прыкладна палова ад тых рэзерваў, якія ў нас былі. У нас агульны аб'ём рэзерваў каля 640 млрд долараў. Каля 300 млрд цяпер знаходзяцца ў стане, у якім мы не можам іх выкарыстоўваць», — паведаміў ён.
Расійскі міністр нагадаў, што частка ЗВР Расіі знаходзіцца ў кітайскіх юанях. Са слоў Сілуанава, Кітай падвяргаецца ціску з боку Захаду, каб абмежаваць выкарыстанне гэтых сродкаў.
«Мы ведаем, што ў нас частка ЗВР знаходзіцца ў кітайскай валюце, у юанях. І мы бачым, які ціск аказваецца з боку заходніх краін на Кітай з тым, каб абмежаваць узаемны гандаль з Кітаем. Безумоўна, аказваецца ціск, каб абмежаваць доступ да тых рэзерваў, якія размешчаны ў нас у юанях. Але я думаю, што нашы партнёрскія адносіны з Кітаем дазволяць усё ж такі нам захаваць тое супрацоўніцтва, якое мы дасягнулі, і не толькі захаваць, але і прымножыць яго ва ўмовах, калі заходнія рынкі зачыняюцца», — выказаў надзею міністр фінансаў РФ.
Нагадаем, што «выконваць міжнародныя абавязацельствы ў расійскіх рублях» усё роўна лічыцца дэфолтам.