Расійскія праваабаронцы патрабуюць ліквідаваць цэнтр «Э»
На Усерасійскім з'ездзе ў абарону правоў чалавека праваабаронцы прынялі рэзалюцыю, у якой заклікалі ліквідаваць цэнтр «Э» (упраўленне па супрацьдзеянні экстрэмізму МУС Расіі) у яго цяперашнім выглядзе.
На іх думку, ведамства «ў значнай ступені замест рэальнай барацьбы з тэрарызмам і экстрэмізмам пераследуе ідэалагічных апанентаў улады». Таксама праваабаронцы запатрабавалі спыніць практыку абвяшчэння па ідэалагічных прычынах экстрэмісцкімі «арганізацый, якія не прымяняюць гвалт для дасягнення сваіх палітычных і ідэалагічных мэтаў».
У прыватнасці, з ініцыятывай ліквідаваць цэнтр «Э» ў яго цяперашнім выглядзе выступіў кіраўнік руху «За правы чалавека» Леў Панамароў. Ён заявіў, што сёння пад сцягам барацьбы з тэрарызмам і экстрэмізмам адбываецца зразанне правоў і свабод чалавека. «Дзейнасць сілавых ведамстваў накіравана супраць расійскіх грамадзян», — адзначыў ён.
«Па статыстыцы судовага дэпартамента, колькасць асуджаных па крымінальных артыкулах за злачынствы супраць асноў канстытуцыйнага ладу і бяспекі з 2003 года павялічылася ў 28 разоў. Ці можна паверыць, што колькасць злачынцаў павялічылася ў 28 разоў? Вядома, не!», — сказаў Леў Панамароў у сваім звароце да ўдзельнікаў з'езду.
«Па сутнасці цэнтр «Э» МУС Расіі выконвае функцыі Пятага ўпраўлення КДБ СССР, якое сачыла за дысідэнтамі і пераследвала іх. Магчыма, функцыі былі перададзены ад ФСБ да МУС, каб пазбегнуць прамых гістарычных паралеляў. Як стала вядома з нядаўніх публікацый у СМІ, цэнтр «Э» не толькі пераследуе ідэалагічных апанентаў, але і курыруе праўладныя бандфарміраванні, напрыклад, рух SERВ», — сказаў Панамароў.
Прычыны таго, што ўсё больш людзей падвяргаюцца пераследу па гэтых артыкулах, на яго думку, крыюцца ў тым, што Дзярждума прымае законы, якія супярэчаць Канстытуцыі і нормам міжнародных дагавораў, да якіх Расія далучылася. Недакладныя фармулёўкі законаў, дадаў праваабаронца, дазваляюць выносіць прысуды на доўгія тэрміны невінаватым грамадзянам, якія трапілі ў няміласць да каго-небудзь з тых, хто мае ўладу.
Паводле novayagazeta.ru