Расійскія лётчыкі, якія бамбяць Сірыю (фота)
Міжнародная валанцёрская супольнасць InformNapalm раскрывае новыя дадзеныя камандзіраў экіпажаў Ту-22М3, якія наносяць бомбавыя ўдары па Сірыі.
informnapalm.org
За мінулыя суткі самалёты Паветрана-касмічных сілаў (ПКС) Расіі са складу авіягрупы ў Сірыі выканалі 82 баявыя вылеты з авіябазы “Хмэймім”, з іх 32 — у начны час. Бомбавыя ўдары нанесеныя па 204 аб’ектах, якія знаходзяцца ў правінцыях Алепа, Ідліб, Латакія, Хама і Хомс.
Найбольш маштабныя бамбаванні расійская авіяцыя здзейсніла па гораду Аl-Lataminah правінцыі Хама, а таксама Kashtaar і Malikiah правінцыі Алепа. У выніку гэтых удараў загінулі дзясяткі мірных грамадзянаў, у тым ліку дзяцей, пра што гавораць шматлікія фота- і відэасведчанні з сірыйскіх твіт-стужак і іншых крыніцаў.
8 снежня 2015 году Міністэрства абароны РФ на афіцыйным канале youtube апублікавала відэа з назовам “Масаваны авіяўдар па аб’ектах тэрарыстаў самалётамі Далёкасяжнай авіяцыі і авіягрупы ў Сірыі”. Праз гэтае відэа супольнасць InformNapalm ідэнтыфікавала далёкасяжны звышгукавы бамбардзіроўшчык Ту-22М3 з бартавым нумарам 24 “чырвоны”, рэгістрацыйны нумар RF-94154, найменне “Міхаіл Шыдлоўскі”, са складу 43-га Цэнтра баявога выкарыстання і падрыхтоўкі лётнага складу (ЦБВ ПЛС).
Таксама ў вышэйзгаданым відэа ад МА РФ былі зафіксаваныя і іншыя Ту-22М3:
бартавы 28 “чырвоны” RF-94157 з 43-га ЦБВ ПЛС
бартавы 46 “чорны”
бартавы 54 “чорны”
Дзякуючы артыкулу блогера Дзмітрыя Казакова, высветлілася, што ў “Парадзе Перамогі” ў 2015 годзе ўдзельнічалі 2 далёкасяжныя бамбоўцы Ту-22М3, менавіта 24“чырвоны”, рэгістрацыйны RF-94154 “Міхаіл Шыдлоўскі”, і 42 “чырвоны”, рэгістрацыйны RF-94142 — са складу 52-га гвардзейскага цяжка-бамбавальнага авіяпалку, месца базавання: Шайкоўка, Калужская вобласць. Авіяцыя гэтага авіяпалку задзейнічаная ў карнай аперацыі супраць сірыйскага народу, пра што сведчыць інфармацыя з іншага відэа МА РФ “Масаваны ўдар самалётамі Далёкасяжнае авіяцыі па аб’ектах у Сірыі“, апублікаванага 17 лістапада 2015 года.
Інфармацыю пра камандзіраў экіпажаў Ту-22М3 з бартавымі 24 “чырвоны” і 42 “чырвоны” ўдалося выявіць дзякуючы відэа “Рэпартаж з Шайкоўкі“, у якім распавядаецца пра падрыхтоўку экіпажаў бамбардзіроўшчыкаў Ту-22М3 да “Парада Перамогі 2015”.
Камандзір экіпажу Ту-22М3, бартавы 24 “чырвоны”, рэгістрацыйны RF-94154 “Міхаіл Шыдлоўскі” — гвардыі палкоўнік Андрэй Фельк.
Камандзір экіпажу Ту-22М3, 42 “чырвоны”, рэгістрацыйны RF-94142 — гвардыі падпалкоўнік Валерый Рыкаў.
Такім чынам, расійскія вайсковыя злачынцы — Андрэй Фельк і Валерый Рыкаў, папоўняць спіс ідэнтыфікаваных раней пілотаў ПКС РФ, якія прымаюць удзел у бамбаваннях сірыйскіх гарадоў і вёсак, у выніку якіх гіне мірнае насельніцтва.
24 лістапада турэцкія ВПС збілі расійскі бамбардзіроўшчык Су-24, які парушыў паветраную прастору Турэччыны. А ў жніўні 2008 году ў небе над Грузіяй быў збіты расійскі Ту-22.