СААЗ папярэджвае пра новую хвалю кавіда
Сусветная арганізацыя аховы здароўя занепакоеная ростам колькасці захворванняў кавідам, што ўскладняе працу і без таго перагружаных медыцынскіх служб па ўсім свеце.
«Новыя хвалі віруса зноў наглядна дэманструюць, што Covid-19 яшчэ далёка не скончыўся», — заявіў на прэс-канферэнцыі кіраўнік СААЗ Тэдрас Аданам Гебрэесус, паводле слоў якога, вірус свабодна перасоўваецца па свеце, а многія краіны не спраўляюцца з цяжарам шпіталізацыі хворых у вострай форме і, адначасова, лячэння посткавідных ускладненняў.
У мінулую пятніцу экспертны камітэт СААЗ па кавідзе заключыў, што пандэмія застаецца міжнароднай пагрозай грамадскаму здароўю. Паводле слоў выканаўчага дырэктара праграмы СААЗ па надзвычайных сітуацыях доктара Майкла Райана, за апошнія два тыдні колькасць выпадкаў заражэння каронавірусам, пра якія было паведамлена СААЗ, падскочыла на 30%, прычым у асноўным за кошт штамаў «Амікрона» BA.4 і BA.5. Пры гэтым у камітэце СААЗ прызнаюць, што траекторыя эвалюцыі віруса і характарыстыкі штамаў застаюцца «нявызначанымі і непрадказальнымі».
Па-ранейшаму найвялікшая рызыка цяжка захварэць на кавід — у людзей сталага веку, а таксама ў тых, у каго саслаблены імунітэт або ёсць сур'ёзныя праблемы са здароўем.
Лепшай, хоць і не ідэальнай, абаронай на сёння, на думку экспертаў, застаецца вакцынацыя і наступныя бустарныя прышчэпкі. Яны істотна зніжаюць рызыку цяжкага працякання хваробы ў выпадку заражэння асноўнымі варыянтамі каронавіруса «Альфа», «Бэта», «Гама» і «Дэльта». Лекары настойваюць на тым, што ўсе мы павінны атрымаць адпаведныя дозы прышчэпак для абароны як ад існуючых, так і магчымых новых варыянтаў каронавіруса.