У Беларусь прабраўся новы варыянт «Амікрона» — штам ВА.5

У Беларусі рэгіструецца новы варыянт штаму каронавіруса «Амікрон» — ВА.5. Ён «адказны» за рост захворвання ў Заходняй Еўропе і Амерыцы. Пра гэта паведаміў сёння намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Аляксандр Тарасенка.

11_7436494.jpg


Па яго словах, Міністэрства аховы здароўя чакае росту захворвання каронавірусам у верасні. Тарасенка заклікаў беларусаў з груп рызыкі, медыкаў, а таксама ўсіх грамадзян вакцынавацца або зрабіць бустэрную прышчэпку ад каронавіруса.

Нагадаем, пачынаючы з траўня ў Беларусі адзначаецца спрыяльная сітуацыя па захворванні COVID-19, аднак гэта не азначае, што жыхарам краіны можна расслабіцца і забыцца пра прышчэпкі: ужо хутка нас чакае новая хваля эпідэміі.

Як адзначыў загадчык кафедры інфекцыйных хвароб і дзіцячых інфекцый Беларускай дзяржаўнай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Юрый Горбіч, кавід нікуды не падзеўся: усё яшчэ ёсць пацыенты, якія ляжаць у стацыянары, у тым ліку на кіслародзе і на апаратах ШВЛ. Улетку, калі ўмоў для распаўсюджвання віруса менш, вядома, захворванне пайшла на спад. Але гэта не канец эпідэміі.