Сімпатыі расіян да пратэстоўцаў у Беларусі растуць, а да Лукашэнкі — зніжаюцца
У кастрычніку 21% расійцаў заявілі, што сімпатызуюць пратэстоўцам у Беларусі. Гэта на 3% больш, чым месяцам раней. Пра гэта сведчаць дадзеныя апытання «Лявада-Цэнтра», праведзенага 22-28 кастрычніка 2020 года.

Апытанне праводзілася па рэпрэзентатыўнай усерасійскай выбарцы гарадскога і сельскага насельніцтва аб’ёмам 1601 чалавек ва ўзросце ад 18 гадоў і старэйшых у 137 населеных пунктах, 50 суб’ектах РФ. Рэспандэнтаў апытвалі дома метадам асабістага інтэрв’ю, паведамляе REFORM.by.
У кастрычніку толькі 30% расійцаў уважліва сачылі за падзеямі ў нашай краіне, дзе чацвёрты месяц праходзяць масавыя пратэсты супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і беспрэцэдэнтнага гвалту сілавікоў. Гэта на 2% больш, чым у верасні. 57% нешта чулі пра пратэсты, а 12% нічога пра іх не ведаюць.

Пры гэтым падтрымліваюць Лукашэнку 38% рэспандэнтаў. За месяц яго падтрымка ў асяродку расіянаў знізілася на 5%. А вось сімпатыі да пратэстоўцаў растуць — у кастрычніку іх падтрымаў 21% апытаных, што на 3% больш, чым месяцам раней. Займаюць нейтральную пазіцыю 38%.

Цікавае размеркаванне адказаў у залежнасці ад даверу да крыніц інфармацыі. Сімпатыі тых, хто атрымлівае інфармацыю ў Інтэрнэце, хутчэй на баку пратэстоўцаў. Тыя ж, хто атрымлівае інфармацыю ад сяброў, знаёмых і суседзяў, хутчэй на баку Лукашэнкі. Палова тэлегледачоў таксама падтрымлівае Лукашэнку.
