Беларусь ужо не разлічвае на зніжку на расійскі газ у 2021 годзе

Старшыня ЕЭК Міхаіл Мясніковіч заявіў у эфіры «Беларусь 1», што цэны за расійскі газ для Беларусі ў наступным годзе не павінны быць вышэй за ўзровень 2020 года.

f9c95cd934544c1c67c3ea358cfc04ae.jpg


Гэта азначае, што, паводле звестак Мясніковіча, кошт за 1 тыс. кубаметраў складзе не больш за $127, перадае Оfficelife.

Раней амбасадар Расіі Дзмітрый Мезенцаў агучыў ўмовы зніжкі на газ для Беларусі ў 2021 годзе. Па яго словах, Масква мае права чакаць у адказ зніжкі на беларускія тавары. Акрамя таго, дыпламат пацвердзіў, што Мінск пагасіў газавы доўг, прызнаўшы цэнавыя ўмовы расійскага боку.

На днях пастаўкі газу абмеркавалі віцэ-прэм’еры Беларусі і Расіі. Вынікі перамоваў невядомыя.

У 2020 годзе Беларусь доўгі час лічыла цану на расійскі газ несправядлівай, дамагалася зніжкі ў сувязі з пандэміяй, наракала на тое, што на еўрапейскім хабе газ прадаецца танней, і перастала аплачваць паліва поўным коштам. У выніку да восені назапасіўся прыстойны доўг, які вырашана было пагасіць пасля атрымання часткі расійскага крэдыту. Запазычанасць на момант пагашэння не называлася, але, па ўсёй бачнасці, яна складала не менш за $300 млн.