«Спіс Саўчанка»: Украіна, ЕС і ЗША рыхтуюць новыя санкцыі супраць РФ
Украіна, Еўрасаюз і ЗША рыхтуюць санкцыі супраць расейскіх чыноўнікаў, якія маюць дачыненне да выкрадання ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанка.
![savchenko3.jpg savchenko3.jpg](/img/v1/news/full/savchenko3.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Надзея Саўчанка ў судзе / cdn.tvc.ru
Гэтае пытанне ўчора абмеркаваў прэзідэнт Пётр Парашэнка падчас сустрэчы з адвакатамі Саўчанка, паведамляе Liga.net.
«Украіна разам з ЕС і ЗША рыхтуе санкцыі супраць расейскіх чыноўнікаў, якія маюць дачыненне да выкрадання Надзеі Саўчанка і здзекаў з яе. Гэта пытанне сёння прэзідэнт абмеркаваў з адвакатамі ўкраінскага героя», — паведаміў прэс-сакратар прэзідэнта Святаслаў Цагалко.
Ён дадаў, што гэтае пытанне таксама датычыцца і іншых украінскіх палітвязняў, якія незаконна ўтрымліваюцца ў РФ, у прыватнасці Алега Сянцова, Аляксандра Кольчанкі, Генадзя Афанасьева і Ахмета Чыйгоза.
Учора прэзідэнт Парашэнка ў Адміністрацыі прэзідэнта правёў сустрэчу з адвакатамі Саўчанка Іллёй Новікавым, Мікалаем Полазавым і Маркам Фейгіным. Кіраўнік дзяржавы падзякаваў адвакатам «за самаадданую і шчырую працу».
9 сакавіка 57 дэпутатаў Еўрапарламента падпісалі зварот да вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні з просьбай ініцыяваць «спіс Надзеі Саўчанка» на ўзор «спісу Магніцкага». У «спіс Саўчанка» ўвайшоў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін і яшчэ 28 чалавек, у тым ліку дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў і кіраўнік камітэта Дзярждумы Аляксей Пушкоў.
Паводле “Нашай нівы”