Сусветная карыкатура: лепшае за 2018 год
Апошні дзень года: час падводзіць вынікі і рабіць высновы. Якім убачылі сабачы 2018-ы мастакі замежных СМІ — у нашым дайджэсце сусветнай карыкатуры.
![1_161.jpg 1_161.jpg](/img/v1/images/1_161.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пачатак года адзначыўся эскалацыяй сітуацыі на карэйскім паўвостраве — следства рэалізацыі атамнай праграмы КНДР. Зрэшты, у выніку ўсё абышлося. Больш за тое, Паўночная і Паўднёвыя Карэі выступілі на зімовай Алімпіядзе адной камандай, а Трамп і Кім неўзабаве правялі саміт. Незвычайную сцэну амерыканска-карэйскага кахання праілюстравала мексіканскае выданне El Unviersal.
![2_147.jpg 2_147.jpg](/img/v1/images/2_147.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вясна не прынесла міру на міжнародных франтах. 4 сакавіка ў Солсберы (Вялікабрытанія) былы супрацоўнік ГРУ Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія былі атручаны нервова-паралітычным рэчывам «Навічок». Лондан, якога падтрымаў Захад, абвінаваціў у датычнасці да гэтага Расію. Масква абвінавачванні катэгарычна адхіляла. Так ці інакш выбухнуў дыпламатычны канфлікт, які пашырыў чуткі пра новую халодную вайну і масу карыкатур на тэму расійскай хімічнай зброі. Адну з іх — пра яд пад назвай «Пуцінімум» — апублікавала шведская Sudsvenskan.
![3_130.jpg 3_130.jpg](/img/v1/images/3_130.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Чэрвеньскі чэмпіянат свету па футболе ў Расіі стаў адной з самых яркіх падзей 2018-га. У выніку перамогу святкавалі французы, якія ўпэўнена перайгралі харватаў. На малюнку газеты Lauzan (Чылі) певень — сімвал Францыі — забірае галоўны прыз у сабак-далмацінаў (Далмація — частка Харватыі).
![4_128.jpg 4_128.jpg](/img/v1/images/4_128.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Восеню ўсё часцей пачалі гаварыць пра хуткі сусветны эканамічны крызіс. Адным з драйвераў негатыўных прагнозаў стала беспрэцыдэнтная гандлёвая вайна паміж Кітаем і ЗША. Дуэль Трампа з кітайскім цмокам натхніла выданне Simanca (Бразілія).
![5_123.jpg 5_123.jpg](/img/v1/images/5_123.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пачатак зімы прайшоў пад знакам бунта «жоўтых камізэлек» у Францыі. Маштаб пратэстаў ужо дазваляе казаць пра сістэмны крызіс у краіне, які можа ператварыцца ў агульнаеўрапейскі. Крытычны стан, у які трапіла сёння Францыя, праілюстраваў мастак бельгійскага выдання De Standart.