Сусветныя цікавосткі: ці быў Дарвін беларусам і навошта законы ў космасе
Якімі законамі кіравацца касмічным вандроўнікам, у чым вінаваты завулак Дарвіна, герантакратыя ў ЗША – пра гэта і іншае чытайце ў нашай традыцыйнай падборцы палітычных кур’ёзаў свету.
Закон і ў космасе закон
У канадскую ніжнюю палату паступіў новы законапраект. Сярод іншага дакумент рэгулюе прававую сітуацыю, якая тычыцца канадцаў-удзельнікаў касмічных экспедыцый і, у прыватнасці, тых, хто падарожнічае на Месяц. Заканадаўцы вырашылі прапісаць норму, паводле якой астранаўтаў па вяртанні на Зямлю можна будзе прыцягваць да крымінальнай адказнасці за злачынствы на паверхні Месяца. Сваю ініцыятыву палітыкі тлумачаць спасылкамі на навукоўцаў, якія дапускаюць каланізацыю Месяца на працягу двух наступных дзесяцігоддзяў. Зрэшты, нават сярод такіх вучоных хапае тых, хто супраць выкарыстання ў космасе законаў, якія былі прыдуманы для зямлян. На іх думку, хутка спатрэбіцца спецыфічны пакет законаў для рэгулявання адносін у космасе.
Праўда, некаторыя канадцы лічаць, што іх абраннікі замест працы на карысць грамадства проста начыталіся фантастычных кніг або наглядзеліся адпаведных фільмаў, дзе космас паказаны як прастора беззаконня і анархіі. Адсюль і з’явіўся экзатычны закон. Застаецца дадаць, што ў 2023 годзе грамадзянін Канады прыме ўдзел у амерыканскай місіі на арбіту Месяца.
Дарвін быў беларусам?
Цікавая сітуацыя ўзнікла ў Броварах (прыгарад Кіева), дзе не могуць вызначыцца з дэрусіфікацыяй і дэбеларусізацыяй шэрагу тапонімаў. Нагадаем, многія ўкраінскія муніцыпалітэты вырашылі змяніць назвы, звязаныя з краінамі, якіх абвінавачваюць у агрэсіі. У тых жа Броварах у лік такіх аб'ектаў чамусьці патрапіў і завулак Дарвіна (знакаміты брытанскі навуковец, аўтар тэорыі эвалюцыі). Атрымліваецца, што Дарвін быў ураджэнцам Расіі ці Беларусі? З гэтым адкрыццём мэрыі не згодны многія жыхары Бровараў, якія супраць новых назваў. Іх прэтэнзіі будуць разгледжаны спецыяльнай камісіяй.
А вось у Кіеве жыхарам самім прапануюць выбраць як называць у будучыні тыя ж станцыі метро з беларускім каларытам у назвах. Размова аб станцыях «Брэсцкая» і «Мінская». Для першай прапануюць такія варыянты як «Бучанська» і «Варшаўская». Для «Мінскай» акрамя «Варшаўскай» і «Вышгордскай» прапаноўваюцца экзатычныя назвы «Боршч», «Рэактыўныя гусі» ды «Трактарна». Зрэшты, закон дапускае, што ўсё застанецца як сёння.
Узроставы цэнз для палітыка
Амерыканскі часопіс The Atlantic прапануе амерыканцам прызнаць, што краіна сутыкнулася з праблемай герантакратыі. Прасцей кажучы, у заканадаўчых органах улады як ніколі ў гісторыі краіны шмат людзей састарэлага ўзросту. Пачынаючы ад 83-гадовага прэзідэнта і заканчваючы 82-гадовым спікерам Палаты прадстаўнікоў. Нядзіўна, што цяперашні Сенат ЗША самы стары ў гісторыі. У сярэднім узрост сенатара 64 гады. Часам даходзіць да камічнай сітуацыі. Напрыклад, нядаўна 88-гадовы сенатар з Каліфорніі быў прызнаны ўрачамі ментальна няздольным выконваць свае функцыі, паколькі не мог пазнаць калег без старонняй дапамогі. Палітык з дыягназам «маразм» адмовіўся лічыць сябе хворым і яшчэ два гады заставаўся ў дэпутацкім крэсле.
Што рабіць? Па меркаванні The Atlantic выйсце простае. Трэба распаўсюдзіць на палітыкаў правілы аб узроставым ліміце на заняцце пасад. Напрыклад, можна ўзяць за прыклад правілы ў авіясферы, дзе пілотамі могуць быць людзі не старэйшыя за 65 гадоў. Што да палітыкаў, то ўзроставы бар'ер, на думку выдання, можа складаць 70 гадоў. Ідэю падтрымлівае большасць амерыканцаў. Зрэшты, ёсць адзін нюанс. У такім выпадку з вышэйшых эшалонаў улады давядзецца прыбраць траціну палітыкаў. Няма сумневаў, што тыя будуць блакаваць рэформу.
Кабета і аўтамабіль
У Туркменістане новыя абмежаванні для кабетаў. Ім забаранілі садзіцца на пярэдняе сядзенне аўтамабіля. З гэтага часу жанчына, сядаючы ў аўтамабіль, павінна займаць выключна задняе сядзенне. Плюс на заднім сядзенні, паводле новых патрабаванняў, павінны знаходзіцца не больш за два пасажыры адначасова. Сядзець там утрох — таксама забаронена. Кім спушчана гэтая «дырэктыва» ці гэта нечая самадзейнасць — высветліць пакуль не ўдалося.
Дарэчы, дыскрымінацыя па палавой прыкмеце ў аўтасферы пачалася ў Туркменістане ў 2017-м. Тады паліцыя стала спыняць усе машыны, за рулём якіх знаходзіліся жанчыны. Усіх без выключэння аўтамабілістак папярэджвалі, што пры паўторным спыненні ім будзе выпісаны штраф. Праз месяц супрацоўнікі дарожнай службы сталі забіраць у жанчын пасведчанні кіроўцы, а машыны адпраўлялі на штрафную стаянку. Жанчын таксама перасталі прымаць на вадзіцельскія курсы. Тым, у каго правы ўжо былі, іх не працягвалі. Нядаўні прыход да ўлады маладога Сердара Бердымухамедава (сын экс-прэзідэнта), выклікаў надзеі на лібералізацыю. Аднак, як бачым, замест далейшага змякчэння забаронаў з'явілася новае абмежаванне,