Швейцарыя далучылася да санкцый Еўрасаюза супраць Беларусі і Расіі

Агулам абмежавальныя захады ЕС у адносінах да Беларусі цяпер распаўсюджваюцца на 195 фізічных і 35 юрыдычных асоб.

sankzii_640x384.jpg

Швайцарыя 10 чэрвеня ўвяла новыя санкцыі супраць Беларусі і Расеі, далучыўшыся да санкцый ЭЗ, паведамляе прэс-служба ўраду канфэдэрацыі.
Дэ-факта Швайцарыя далучылася да шостага пакета санкцый Эўразьвязу супраць Беларусі, якія набылі моц тыднем раней. Акрамя таго, Швайцарыя ўвяла фінансавыя санкцыі і забараніла ўезд яшчэ прынамсі 100 асобам з Расеі і Беларусі.
У частцы Беларусі ў санкцыйны сьпіс ЭЗ увайшлі 12 фізычных і 8 юрыдычных асоб.Улічаная «іх роля ў працягу ўнутраных рэпрэсій і парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі». Акрамя таго, санкцыі ўведзеныя за «ўдзел Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны».
Пэрсанальныя санкцыі ўжытыя супраць кіраўніка Цэнтравыбаркаму Ігара Карпенкі, судзьдзі Гомельскага абласнога суду Нікалая Долі, начальніка аддзелу па наглядзе за выкананьнем законнасьці судовых рашэньняў па крымінальных справах пракуратуры Гомельскай вобласьці Дзяніса Мікушава, былога начальніка галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС Андрэя Паршына, сэрбскага бізнэсоўца Багалюба Карыча, беларускіх бізнэсоўцаў Дзьмітрыя і Віталя Алексіных (сыны Аляксея Алексіна, які трапіў пад санкцыі раней), генэральнага дырэктара «Беларуськалію» Івана Галаватага, супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ Рыгора Азаронка, Ігара Тура, Людмілы Гладкай і Андрэя Сыча.
Пералічаныя асобы, на думку ЭЗ, «нясуць адказнасьць за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі, за распаўсюджваньне дэзынфармацыі і заклікі да гвалту, або атрымліваюць выгаду ад рэжыму Лукашэнкі і падтрымліваюць яго».
Ім забаронены ўезд, а таксама транзыт праз тэрыторыю ЭЗ. Іх актывы, у выпадку выяўленьня, падлягаюць замарозцы, а грамадзянам і кампаніям ЭЗ забаронена даваць ім сродкі.
Санкцыі закрануць «Беларуськалій», Беларускую калійную кампанію, «Нафтан», «Інтэр Табака», тытунёвую фабрыку «Нёман», «Белмытсэрвіс», «Белкамунмаш», Белтэлерадыёкампанію.
Агулам абмежавальныя захады ЭЗ у адносінах да Беларусі цяпер распаўсюджваюцца на 195 фізычных і 35 юрыдычных асоб.