Талібы дазволілі жанчынам весці тэлепраграмы і маюць намер уключыць іх ва ўрад
Рух «Талібан» дазволіў жанчынам быць вядучымі тэлевізійных праграм, паведаміў кіраўнік аддзела навін тэлеканала «TOLOnews» Мірака Попал.
«Сёння мы аднавілі трансляцыю з вядучымі-жанчынамі, адна з якіх у жывым эфіры ў студыі бярэ інтэрв’ю ў чальца медыя-каманды “Талібан”», — цытуе Попала «Беларускі партызан» са спасылкай на «Інтэрфакс-Україна».
Напярэдадні прадстаўнікі «Талібана» прыбылі ў комплекс тэлекампаніі «TOLOnews» у Кабуле.
«Баевікі праверылі зброю супрацоўнікаў службы бяспекі, канфіскавалі яе, абяцаючы забяспечыць бяспеку тэлевізійнага комплексу», — паведамляе сайт ТБ-кампаніі.
У мінулым талібы забаранялі жанчынам выкарыстоўваць макіяж, паказваць твар у грамадскіх месцах. Таксама пад забаронай былі музыка, тэлебачанне, кіно. Парушальнікі падвяргаліся цялесным пакаранням.
Акрамя таго, як паведаміў тэлеканал «Al Hadath» са спасылкай на аднаго з прадстаўнікоў радыкальнага руху, талібы запрасілі жанчын удзельнічаць у будучым урадзе і не хочуць, каб яны былі «ахвярамі».
Сілы руху «Талібан», якія ўвайшлі ў нядзелю ў Кабул і якія занялі прэзідэнцкую рэзідэнцыю, заявілі, што вызвалілі Афганістан і лічаць вайну, якую яны вялі, завершанай. Між тым, ЗША і іншыя заходнія краіны вядуць эвакуацыю суграмадзян з Афганістана.