Турцыя. Насельніцтва супраць мігалак

Турэцкі парламент прагаласаваў за тое, каб дэпутаты маглі ездзіць на машынах на чырвонае святло і мелі пры гэтым права ігнараваць устаноўленыя для ўсіх абмежаванні на хуткасць. За пастанову дружна галасавалі ўсе парламенцкія фракцыі, што ў Турцыі бывае вельмі рэдка.



image13091538_3a83aec62d27d95bf43cde4583d2b0ab.jpg

Рашэнне выклікала вялікае незадавальненне ў грамадстве. У сацыяльных сетках, на Twitter, у газетах палілася крытыка супраць новых ільготаў для народных абраннікаў. Справа не толькі ў тым, што дэпутаты карыстаюцца шматлікімі бонусамі. Так склалася, што ўжо шосты месяц парламент не можа дамовіцца наконт новага варыянту канстытуцыі, якую чакае ўся краіна. Аднак, калі справа тычылася матэрыяльных інтарэсаў, дык згода была дасягнутая за лічаныя гадзіны.

Асабліва дастаецца ад блогераў аднаму дэпутату-нацыяналісту, які ўжо некалькі разоў затрымліваўся паліцыяй за перавышэнне хуткасці. Падчас дэбатаў наконт новага закону аб правах дэпутатаў, ён шчыра прызнаўся, што новае заканадаўства патрэбна, паколькі «гэта мяне дастала».

Дарэчы, паліцыя выступіла супраць інавацый. Па словах паліцэйскіх, яны не маюць вопыту, як паводзіць сябе ў выпадку з’яўлення на дарозе такой колькасці машын з мігалкамі. Нагадаем, што ў парламенце Турцыі засядаюць каля 550 чалавек.

Паводле турэцкай прэсы