У ААН заявілі пра сур’ёзныя фінансавыя праблемы

Генеральны сакратар ААН заклікаў дзяржавы даплаціць узносы ў бюджэт, у якім не хапае $ 139 млн.

un_660x440.jpg

ЗША — буйнейшы донар ААН — пакуль сваю частку фінансавання не ўнеслі.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый адчувае фінансавыя цяжкасці ў сувязі з недаплатай дзяржавамі членскіх узносаў у яе бюджэт.

«Нашыя наяўныя рэзервы яшчэ ніколі не былі гэтак нізкія ў такі ранні час года», — апісаў становішча справаў генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш у пасланні да членаў арганізацыі.

Паводле генсека, на канец чэрвеня ў бюджэце быў недахоп $ 139 млн.

Да ліпеня са 193 дзяржаваў, што ўваходзяць у ААН, свае ўзносы выплацілі толькі 112. ЗША, на долю якіх прыходзіцца каля 22 % бюджэту ААН, пакуль грошы не перавялі.

Бюджэт ААН на 2018-2019 гады на суму каля $ 5,4 млрд быў ухвалены на Генеральнай асамблеі ў снежні 2017 года. У гэтую суму не ўваходзяць грошы, якія ААН выдаткуе на міратворчыя аперацыі — гэты бюджэт складае прыкладна $ 6,7 млрд на 2018-2019 гады.

У красавіку 2017 года прэзідэнт ЗША Доналд Трамп заявіў, што бюджэт ААН павінен быць перагледжаны ў бок памяншэння. Пазней, у верасні, кіраўнік Белага дому папракнуў ААН у неэфектыўнасці і залішняй бюракратызацыі.

belsat.eu