У Чыкага падчас страляніны загінулі шэсць чалавек, каля двух дзясяткаў чалавек параненыя

Падчас святкавання Дня незалежнасці ЗША на чыкагскіх вуліцах пачалі страляць. Шэсць чалавек былі забітыя.

Дзіцячы вазок і цацка на месцы страляніны ў прыгарадзе Чыкага. Фота: «Reuters»

Дзіцячы вазок і цацка на месцы страляніны ў прыгарадзе Чыкага. Фота: «Reuters»


У прыгарадзе Чыкага Хайленд-парку ў выніку страляніны падчас парада ў гонар святкавання Дня незалежнасці ЗША загінулі шэсць чалавек, каля двух дзясяткаў чалавек шпіталізаваныя, піша «Reuters».
Некалькі відавочцаў расказалі газеце «The Chicago Sun-Times», што сотні ўдзельнікаў параду, некаторыя з якіх былі ў крыві, беглі, пакідаючы крэслы, дзіцячыя вазкі і коўдры. Парад быў спынены праз 10 хвілін, калі пачуліся стрэлы.
Паводле даных уладаў горада, праваахоўныя органы шукаюць падазраванага, перыметр вакол цэнтра горада ачэплены, знойдзена агнястрэльная зброя.
Учора ў гандлёвым цэнтры Капенгагена 22-гадовы датчанін пачаў страляць па людзях. Ахвярамі стралка сталі трое людзей: 47-гадовы грамадзянін Расіі, 17-гадовыя юнак і дзяўчына, грамадзяне Даніі. Сярод чатырох параненых — дзве грамадзянкі Даніі і двое грамадзян Швецыі: мужчына і падлетак.
25 чэрвеня аналагічны тэракт адбыўся ў начным клубе ў Осла. Загінулі два чалавекі, амаль два дзясяткі былі дастаўленыя ў бальніцу. Восем чалавек шпіталізавалі, трое з іх былі цяжка параненыя. Астатнія атрымалі лёгкія раненні і былі адпушчаныя дадому. Тэракт у Осла быў здзейнены напярэдадні гей-прайда.