У Польшчы працягваецца перапіс насельніцтва. Прыняць удзел у ім абавязаны і мігранты з Беларусі

У Польшчы яшчэ да канца верасня працягваецца Нацыянальны перапіс насельніцтва і жылля. Удзел у ім – абавязак, і не толькі грамадзян Польшчы, але таксама іншаземцаў, а значыць і грамадзян Беларусі.

750x200px_scaled.jpg


Галоўны прынцып наступны: калі вы знаходзіліся на тэрыторыі Польшчы па стане на 31 сакавіка 2021 года і надалей тут знаходзіцеся, або выязджалі і зноў вярнуліся, то вы абавязаны перапісацца.
Дарота Вышкоўская са Статыстычнай Управы ў Беластоку ўдакладняе racyja.com абавязак перапісу для іншаземцаў:
– Асобы, якія знаходзіліся на тэрыторыі Рэчыпаспалітай Польшчы па стане на дзень 31 сакавіка бягучага года, і якія не былі тут праездам (то-бок не былі тут на вакацыях, або ў гасцях у сямейнікаў ці знаёмых, або ў турыстычных мэтах), якія тут жылі, маюць абавязак перапісацца. Не мае значэння, ці ёсць у вас польскае грамадзянства ці няма, ці ёсць у вас сталы або часовы побыт ці няма яго, галоўнае – што па стане на 31 сакавіка вы жылі ў Польшчы.
Дарота Вышкоўская тлумачыць: калі вы былі ў Польшчы 31 сакавіка, а пазней выехалі дадому і зноў вярнуліся, то вы маеце абавязак перапісацца. Але калі вы былі ў Польшчы 31 сакавіка, а пазней, напрыклад, у чэрвені, выехалі і ўжо не вярталіся, то перапісвацца не трэба. Гаворка ідзе пра тых асоб, якія жывуць у Польшчы і не абавязкова тут працуюць.
За няўдзел у перапісе, або адмову ад удзелу, пагражае штраф памерам да 5 тысяч злотых. За падачу непраўдзівай інфармацыі – штраф або нават арышт на тэрмін да двух гадоў. Іншаземцам раяць перапісвацца праз інтэрнэт, для гэтага ёсць старонка spis.gov.pl, паколькі там можна выбраць мову для перапісу. У выпадку перапісчыка дома або праз тэлефон, перапіс вядзецца выключна па-польску. Адмовіць перапісчыку нельга – гэта лічыцца як адмова ад перапісу, якая адпаведна можа прывесці да адміністрацыйнага пакарання.
Чытай больш на: https://www.racyja.com/sumezhzha/belarus-i-zhyvesh-u-polshchy-abavyazany/