У сутычках у Кіеве параненыя 17 сілавікоў, двое з іх — у цяжкім стане
Галоўнае ўпраўленне МУС у Кіеве адкрыла крымінальную вытворчасць па факце сённяшніх сутыкненняў ля будынка Вярхоўнай Рады. У Кіеве затрымалі 37 асобаў пасля сутычак пад Вярхоўнаю Радаю. Падчас закалотаў атрымалі раненні 17 праваахоўнікаў, двое з іх знаходзяцца ў цяжкім стане.
"Сярод 37 затрыманых — супрацоўнік міліцыі, які быў у балаклаве сярод нападнікаў. У яго канфіскавалі рагатку і гайкі, якімі шпурлялі ў вокны Вярхоўнай Рады і працаўнікоў МУС, журналістаў, шараговых грамадзянаў", — паведаміў дарадца міністра ўнутраных справаў Зоран Шкіраку «Фэйсбуку».
14 кастрычніка, у дзень Пакрова Багародзіцы Усеўкраінскае аб'яднанне «Свабода» правяло ў Кіеве традыцыйны Марш славы герояў. Актывісты «Свабоды» арганізаванай калонай прайшлі па вуліцах Кіева да будынку Вярхоўнай Рады. Актывісты пікетавалі парламент з патрабаваннем прызнацьАУН і УПА змагарамі за дзяржаўную незалежнасць Украіны. Акцыя «Свабоды» прайшла зладжана і спакойна. Тым часам, каля 12.00, пад Вярхоўную Раду прыбыла група невядомых людзей у балаклавах і са сцягамі «Правага сектару». Гэтыя людзі кінулі «кактэйлі Молатава» і петарды ў будынак Вярхоўнай Рады ды распачалі сутычкі з праваахоўнікамі.
У каментары журналістам лідар «Свабоды» Алег Цягнібок выказаў перакананне, што да правакацыяў каля Рады датычныя «людзі Медведчука» (маецца на ўвазе экс-кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Леаніда Кучмы ВіктарМедвядчук – belsat.eu). Цягнібок таксама распавёў, што актывісты «Свабоды» атачылі правакатараў і дапамаглі такім чынам праваахоўнікам затрымаць іх. Пазней на сайце «Правага сектару» было размешчана паведамленне, што іх актывісты не бралі ўдзелу ў мерапрыемствах каля будынку парламенту.
«Не выключана, што за арганізатарамі сённяшняй правакацыі стаялі замежныя спецслужбы Расейскай Федэрацыі», – выказаў меркаванне дарадца Міністэрства ўнутраных справаў Украіны Антон Герашчанка.