Украіна. «Яндекс», «ВКонтакте» і «Одноклассники» забароненыя

Усе ўкраінскія інтэрнэт-правайдэры мусілі прыпыніць доступ да гэтых інтэнэт-рэсурсаў сёння ж, бо ўказ Парашэнкі набывае моц у дзень яго публікацыі. Аднак пакуль яны адкрытыя для прагляду і карыстання.

www.kramola.info

www.kramola.info

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка працягнуў санкцыі ў дачыненні да Расіі, пашырыўшы пры гэтым спіс асобаў і арганізацый, якія трапілі пад абмежаванні. Указ апублікаваны на сайце кіраўніка дзяржавы.

Як вынікае з тэксту ўказу, на тэрыторыі Украіны, будуць заблакаваныя расійскія сацыяльныя сеткі «ВКонтакте» і «Одноклассники», а таксама сервісы «Яндекс» і Mail.Ru Group.

У шэраг 467 прадпрыемстваў (расійскіх ды крымскіх, перарэгістраваных згодна з расійскімі законамі), супраць якіх прымяняюцца абмежаванні ды забароны, трапілі ТАА «Цэнтр тэхнічнай падтрымкі «Доктар Вэб» ды ТАА «Лабараторыя Касперскага».

Адразу пасля публікацыі дакументу ўсе ўкраінскія інтэрнэт-правайдэры мусяць прыпыніць даваць паслугі для доступу карыстальнікаў да гэтых інтэнэт-рэсурсаў. На дадзены момант усе гэтыя рэсурсы адкрытыя для прагляду і карыстання, хаця ўказ прэзідэнта набывае моц у дзень яго публікацыі.

На тры гады таксама падоўжаная забарона на трансляцыю ва Украіне расійскіх тэлеканалаў ды радыёстанцый — НТВ, «Наша радыё», РенТВ ды холдынгу «Россия сегодня».

Украіна таксама пашырыла пералік фізічных асоб, супраць якіх уводзяцца персанальныя санкцыі. Сярод 1228 такіх асоб — журналісты ды палітыкі з Расіі, Іспаніі, Італіі, Кіпру, а таксама жыхары Крыму і прадстаўнікі самаабвешчаных уладаў гэтак званых «ЛНР» ды «ДНР».

У санкцыйны спіс трапілі і чацвёра ўраджэнцаў Беларусі — камандуючы Чарнаморскім флотам з 15 красавіка 2013 года і актыўны ўдзельнік крымскіх падзеяў Аляксандр Вітко, а таксама трое беларусаў, якія цяпер пражываюць на тэрыторыі анексаванага Крыму — Алена Цімік, Уладзімер Іваноў ды Валянціна Івінская.

Згодна з рашэннем Рады нацбяспекі, ва Украіне на год мусяць быць заблакаваныя актывы грамадзянкі Беларусі Дар’і Дземчанкі — заснавальніцы «Расійскага нацыянальнага камерцыйнага банку», якая жыве ў Віцебску. Апроч таго, ёй забаронены ўдзел у прыватызацыі на тэрыторыі Украіны, а таксама ўезд на ўкраінскую тэрыторыю.

Упершыню Украіна ўвяла абмежаванні ў дачыненні да Расіі ў верасні 2015 года. Гэта было зроблена ў адказ на анексію Крыму і ўзброеную падтрымку сепаратыстаў у Данбасе.

 www.svaboda.org