Ва Украіне ўпершыню за тры стагоддзі пакажуць арыгінал Канстытуцыі Піліпа Орліка, ураджэнца Беларусі
Ва Украіне сёння адзначаюць 25-гадовы юбілей Асноўнага закона краіны і ўшаноўваюць аўтара першай у свеце Канстытуцыі Піліпа Орліка, які нарадзіўся ў Беларусі, у пасёлку Касута Ашмянскага павета (цяпер Вілейскі раён Мінскай вобласці), перадае «Радыё Свабода».
Піліп Орлік быў генеральным пісарам і даверанай асобай гетмана Івана Мазепы.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, выступаючы сёння на ўрачыстым пасяджэнні парламента, прысвечанаму Дню Канстытуцыі, заявіў, што сёлета ўкраінцы змогуць пабачыць арыгінал Канстытуцыі Піліпа Орліка. Зяленскі лічыць несправядлівым, што за ўвесь час пасля аднаўлення незалежнасці Украіны ўкраінскія грамадзяне ніколі не бачылі арыгіналу гістарычнага дакумента, які захоўваецца ў Нацыянальным архіве Швецыі.
«Да 30-годдзя нашай Незалежнасці, упершыню за 311 гадоў ва Украіну прыбудзе арыгінал Канстытуцыі Піліпа Орліка. Яго, разам з булавой гетмана Піліпа Орліка і гетмана Івана Мазепы, усе ахвотныя змогуць пабачыць у Сафійскім саборы», — паведаміў Уладзімір Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны таксама паведаміў, што адначасова Нацыянальны архіў Швецыі перадаў тры копіі Канстытуцыі Піліпа Орліка. Адна з іх ужо выстаўляецца ў Вярхоўнай Радзе Украіны, другая будзе знаходзіцца ў Офісе прэзідэнта, а трэцюю перададуць у Канстытуцыйны суд.
Уладзімір Зяленскі падзякаваў дэпутатам Вярхоўнай Рады Украіны, якія ў 1996 годзе, нягледзячы «на палітычнае супрацьстаянне, 15 розных праектаў Канстытуцыі, шэсць тысяч паправак перад другім чытаннем і бесперапыннае пасяджэнне цягам больш як 24 гадзін, знайшлі ў сабе сілы і дасягнулі адзінства, каб ухваліць доўгачаканую Канстытуцыю Украіны».
У 2017 годзе Украіна і Беларусь супольна адзначылі 345-годдзе гетмана Піліпа Орліка.
Піліп Орлік нарадзіўся ў жніўні 1672 года ў сямʼі радавітай літоўскай шляхты чэшскага паходжання — Орлікаў. Яго бацька Сцяпан Орлік служыў у арміі караля Рэчы Паспалітай, загінуў на пяцьдзясят першым годзе жыцця падчас польска-асманскай вайны ў бітве пад Хоцінам у снежні 1673 года, а маці Ірына паходзіла з беларускага роду Малахоўскіх. Піліп Орлік вучыўся ў Вільні і Кіева-Магілянскай калегіі на «выдатна». Падчас навучання паказаў сябе таленавітым прамоўцам і паэтам, цікавіўся філасофіяй і літаратурай, добра ведаў украінскую, польскую, царкоўнаславянскую, венгерскую, італьянскую і іншыя мовы.
Піліп Орлік быў генеральным пісарам і даверанай асобай Івана Мазепы і браў удзел у 1708 годзе ў выступе Мазепы супраць Пятра I, а пасля Палтаўскай бітвы эміграваў у Асманскую імперыю і ўжо ў выгнанні напісаў «Пакты і Канстытуцыі правоў і вольнасцей Войска Запарожскага», якія пазней атрымалі назву «Канстытуцыя Піліпа Орліка», якую лічаць першай украінскай Канстытуцыяй, а таксама адной з першых канстытуцый у Еўропе. Згодна з ёю, абмяжоўвалася гетманская прэрагатыва, змяншалася сацыяльная эксплуатацыя, захоўваўся статус запарожцаў і дэкларавалася палітычнае і царкоўнае аддзяленне Украіны ад Масковіі.