Ватыкан. Папа пайшоў у адстаўку, бо паглядзеў камедыю?

Як вядома, шмат журналістаў не паверылі ў тое, што Рымскі Папа вырашыў сысці з-за праблем са здароўем. Сярод фактараў, якія паўплывалі на рашэнне Бенедыкта XVI, таксама называюць камедыю «Habemus papam», якая выйшла на экраны 2 гады таму.



habemus_papam_pics_809.jpg

Адну з галоўных роляў у стужцы — асабістага сакратара Папы — выканаў славуты польскі актор Ежы Штур, якога наш глядач ведае па фільмах «Дэжавю» і «Новыя амазонкі». Паводле сюжэту, кардынала, якога Канклаў толькі што абраў Рымскім Папам, нечакана ахоплівае апатыя і хандра, жаданне падацца ў акторы, каб выканаць ролю ў камедыі Чэхава. Сакратар водзіць яго да псіхааналітыка, дае нейкія медычныя сродкі, прымушае займацца спортам, аднак усё марна.

З улікам таго, што фільм нарабіў у Італіі шуму, не выключана, што Бенедыкт XVI таксама яго праглядзеў і, магчыма, задумаўся — навошта яму ўсё гэта трэба. Тое, што камедыя магла паўплываць на Папу, не выключае сам Ежы Штур. Ён у інтэрв’ю польскай прэсе, дарэчы, вітаў учынак Бенедыкта XVI, назваўшы яго «моцным на фоне слабасці інстытуту Касцёла».

Застаецца спадзявацца, што фабула папулярнага фільму не паўтарыцца ў сакавіку, калі адбудуцца выбары чарговага Папы.

Паводле польскай прэсы