Збіты «Беркутам» удзельнік Еўрамайдана памёр у шпіталі
41-гадовы Павел Мазурэнка памёр ад атрыманых траўмаў у рэанімацыі.
Яго таварыш Аляксандр Бабак паведаміў карэспандэнту ЛІГАБізнесІнформ, што нарад «Беркута» сустрэў Паўла 18 снежня на вуліцы Гната Юры на шляху дадому. Сілавікі спынілі
актывіста, спыталі дакументы.
«Замест дакументаў у Паўла была ксеракопія, з гэтага зрабілі выснову - прыехаў на Майдан, маўляў, пашпарт забралі старэйшыя. Са словамі «як нам надакучыў ваш Майдан»
трое беркутаўцаў жорстка збілі Паўла і пакінулі на вуліцы. Ён сам дабраўся дадому. Жонка выклікала «хуткую». Прыехалі, прапанавалі везці ў бальніцу. Павел адмовіўся, таму што
дорага, думаў, абыдзецца. Але не абышлося. Праз два дні ён памёр у рэанімацыі 12-й бальніцы на Падвысоцкага», - пацвердзіў Аляксандр Бабак.
Паводле яго слоў, у медустанову прыйшоў капітан Шаўчэнкаўскага РАУС, таму што ў гісторыі хваробы было запісана - збіты на Майдане. Узяў паказанні ў жонкі Лесі, якая расказала аб усіх абставінах
смерці. Цела накіравалі на судмедэкспертызу.
«Сёння судмедэксперты ўстанавілі дыягназ - «пнеўманія». Леся - у шоку. Забілі чалавека і спісалі на пнеўманію», - абурыўся таварыш загінулага.
Паводле яго слоў, блізкія Паўла зараз плануюць знайсці адваката, каб юрыдычна можна было даказаць, што смерць актывіста Майдана адбылася з-за збіцця, а таксама каб знайсці вінаватых у збіцці,
якое пацягнула смерць.
Раней паведамлялася, як у Кіеве беркутаўцы жорстка збілі і затрымалі студэнтаў з Львова, якія прымалі ўдзел у Майдане.
news.liga.net