БТ пра Еўрамайдан: «Уладу захапілі агрэсіўныя бамжы»
Беларускія прапагандысты не адстаюць ад сваіх расійскіх калегаў у абразах удзельнікаў акцый пратэсту ва Украіне.
У чарговым выпуску праграмы «У цэнтры ўвагі», якая выходзіць на тэлеканале «Беларусь 1», гаворка ішла пра Еўрамайдан.
Вядучы пахваліў Расію за «шырокі жэст на фоне адмовы Еўропы даваць крэдыт». «З аднаго боку - шмат слоў і пагроз, а з другога канкрэтная дапамога», - сказаў
ён. Журналісты таксама распавялі пра тое, што цэнтр Кіева ператварыўся ў вялікі сметнік, туалет са смуродам ад памыяў. Па словах прапагандыстаў, уладу на Майдане захапілі «агрэсіўныя бамжы,
якія прыходзяць на Майдан ў пошуках бясплатнай ежы». «У цэнтры горада - паўсюдная гразь, антысанітарыя і інфекцыі. Зафіксаваныя тры выпадкі сухотаў, не кажучы ўжо пра пнеўманіі. Усё
гэта магло б стаць дэкарацыямі для амерыканскіх фільмаў пра апакаліпсіс» , - кажуць яны.
Аб сотнях тысяч удзельнікаў акцый пратэсту афіцыйныя прапагандысты прамаўчалі, затое не забыліся згадаць пра актывістаў з Беларусі, якія бяруць удзел у іх.
«Чаму можна навучыцца, кадры кажуць самі за сябе. У такую ж брудную звалку яны хочуць пераўтварыць чыстую і ўтульную сталіцу Беларусі. Вучні і настаўнікі вартыя адзін аднаго. На
Майдане запраўляюць бандэраўцы. Іх сімволіку, уздрыгваючы, успамінаюць беларускія старыя. З гэтымі нашыўкамі на рукавах і з чорна-чырвонымі сцягамі ў час вайны бандэраўцы палілі вёскі і забівалі
мірных жыхароў. Цяпер даюць ўрокі беларускай апазіцыі», - тлумачыць карэспандэнт тэлеканала.
Масавыя акцыі прыхільнікаў еўраінтэграцыі ў Кіеве і іншых рэгіёнах Украіны пачаліся 21 лістапада пасля аб'явы урадам аб прыпыненні падрыхтоўкі Пагаднення аб асацыяцыі з ЕС, якое
планавалася аформіць на саміце «Усходняга партнёрства» у Вільні. Улады краіны некалькі разоў спрабавалі спыніць іх сілавымі метадамі, зачысціўшы Майдан Незалежнасці ад намётаў і
актывістаў апазіцыі. Тым не менш, людзі застаюцца ў цэнтры Кіева, а акцыі працягваюцца ўжо другі месяц.