Моцна збітая вядомая ўкраінская журналістка Таццяна Чарнавол

Збілі журналістку, актывістку Еўрамайдану Таццяну Чарнавол. Пра гэта паведамляе са спасылкай на Аляксея Грыцэнка Мустафа Найем.



tacciana_czarnavol.jpg

Паводле яго даных, гэта здарылася ў Барыспалі. "У траўмапункт яе даставіла міліцыя, падабралі Таццяну на вуліцы. У яе страсенне мозгу. Па словах сваякоў, цяпер ёй зашываюць твар", напісаў ноччу Мустафа у сваім твітэры. Сваякам ператэлефанавалі ўжо з траўмапункта. У Таццяны страсенне мозгу, шматлікія гематомы, зламаны нос.
"Па словах Таццяны, яна вярталася да сябе ў сяло Гара, калі заўважыла за сабой сачэнне. Яна рэзка павярнула назад у Барыспаль. Але машына пачала яе прыціскаць . Пасля чаго яе машыну некалькі разоў ударылі кузавам. Яна спынілася. З машыны выбеглі двое, разбілі шкло. Яна выскачыла з машыны і паспрабавала ўцячы. Яе дагналі і білі. Білі двое мужчын", напісаў Мустафа.
Таццяну павезлі на рэнтген, таму што сама хадзіць яна не можа. У 4 гадзіны раніцы Таццяну перавезлі ў бальніцу ў Кіеве.
У аўтамабілі Таццяны быў знойдзены відэарэгістратар. Яго забралі актывісты для таго, каб вывучыць інфармацыю, што там захаваная.
Як паведаміў Грамадскаму ТБ актывіст Аляксей Грыцэнка, які атрымаў званок ад Чарнавол у гэтую ноч, 24- га снежня Таццяна ездзіла здымаць дамы міністра ўнутраных спраў Захарчанка і генпракурора Віктара Пшонкі. Падчас апошняй здымкі за ёй сачылі "беркутаўцы". Інфармацыю пра дом Захарчанкі Таццяна паспела паставіць у блог на УП.
За апошні тыдзень адбылося некалькі здарэнняў, у выніку якіх пацярпелі актывісты Еўрамайдану. У нядзелю стралялі ў актывіста Дарожнага кантролю Уладзіміра Маралава. Увечары ў аўторак у Харкаве адзін з арганізатараў мясцовага Еўрамайдану Дзмітрый Піліпец атрымаў некалькі нажавых раненняў.
У аўторак таксама стала вядома аб тым, што памёр ад траўмаў збіты праваахоўнікамі 18 снежня Павел Мазурэнка.
У некалькіх гарадах з'явіліся паведамленні аб падпале аўтамабіляў актывістаў Майдана.
Таццяна Чарнавол з'яўляецца аўтарам і блогерам "Украінскай праўды". Апошні яе пост апісваў "хатку" галоўнага міліцыянта краіны спадара Захарчанка. Да таго Таццяна крытыкавала ў сваіх блогах і артыкулах Медведчука, Клюева, Азарава, Лёвачкіна і сям'ю Януковіча.
Усіх гэтых людзей, пакуль не будуць ўстаноўлены нападнікі, мы будзем лічыць заказчыкамі нападу на Таццяну.

pravda.com.ua