Зяленскі: Перамаглі тады, пераможам і цяпер

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі павіншаваў украінцаў з Днём Перамогі ва ўмовах вайны.

Уладзімір Зяленскі падчас вайны ў Кіеве, скрыншот з выступлення 9 траўня 2022 года

Уладзімір Зяленскі падчас вайны ў Кіеве, скрыншот з выступлення 9 траўня 2022 года

Зусім хутка ва Украіне будзе два дні Перамогі, а ў кагосьці не застанецца ніводнага, заявіў у сваім звароце з нагоды 9 траўня Уладзімір Зяленскі.
«Мы б'емся за свабоду для сваіх дзяцей, а значыць, пераможам. Мы ніколі не забудзем тое, што зрабілі нашы продкі ў Другой сусветнай вайне, у якой загінулі больш за восем мільёнаў украінцаў. І зусім хутка ва Украіне будзе два дні Перамогі. А ў кагосьці не застанецца ніводнага.
Перамаглі тады. Пераможам і цяпер. І Хрышчацік убачыць парад перамогі — перамогі Украіны!З Днём перамогі над нацызмам!Слава Украіне!»

Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што няма нічога больш небяспечнага, чым падступны вораг, але няма нічога атрутнейшага за прытворнага сябра.
«Гэта словы вялікага ўкраінскага філосафа Рыгора Скаварады. 24 лютага мы зразумелі гэтую ісціну, калі ўяўны сябар пачаў супраць Украіны вайну.
Гэта вайна не двух войскаў. Гэта вайна двух светапоглядаў. Варвараў, якія абстрэльваюць музей Скаварады і вераць, што іх ракетамі можна знішчыць нашу філасофію. Яна іх раздражняе. Яна ім чужая. Яна іх пужае. Яна заключаецца ў тым, што мы — вольныя людзі, якія ідуць сваім шляхам. На гэтым шляху сёння мы вядзем вайну і нікому не аддамо ні жмутка сваёй зямлі. Сёння мы адзначаем Дзень перамогі над нацызмам. І нікому не аддамо ні жмутка сваёй гісторыі. Мы ганарымся нашымі продкамі, якія разам з іншымі народамі ў складзе антыгітлераўскай кааліцыі перамаглі нацызм. І мы нікому не дадзім анексаваць гэту перамогу, не дадзім яе прысвоіць», — падкрэсліў Зяленскі.
«24 лютага Расія пачала наступленне. Наступленне на тыя самыя граблі. На іх наступае нага кожнага акупанта, які прыходзіць на нашу зямлю. Мы перажылі розныя войны. Але ўсе мелі адзін фінал. Нашу зямлю засявалі кулі і снарады, але ніводзін вораг не змог пусціць тут карані. Нашымі палямі ездзілі варожыя калясніцы і танкі, але гэта нікому не прыносіла пладоў. У нашым небе лёталі варожыя стрэлы і ракеты, але нікому не дадзена зацямніць сіняву нашага неба. Няма кайданоў, якія змогуць скаваць наш вольны дух. Няма акупанта, які зможа прыжыцца на нашай свабоднай зямлі. Няма захопніка, які зможа панаваць над нашым вольным народам. Рана ці позна мы перамагаем. Хоць арда, хоць нацызм, хоць сумесь першага і другога, якім з'яўляецца цяперашні вораг, — мы перамагаем, таму што гэта наша зямля», — сказаў Зяленскі.