ЗША. Майкла Джэксана — у чорны спіс?
У прэсе ўсур’ёз абмяркоўваюць магчымасць поўнай забароны творчасці вядомага амерыканскага музыкі Майкла Джэксана.
Усё з-за дакументальнага фільма «Leaving Neverland», які нядаўна паказалі ў ЗША.
Героямі нашумелай стужкі сталі Джэймс Сейфчак і Уэйд Робсан, якія праз гады прызналіся, што ў дзяцінстве, калі яны разам са сваімі сем’ямі гасцявалі на знакамітым ранча спевака «Neverland», падвяргаліся сексуальнаму гвалту з боку Джэксана.
Па слядах прэм’еры паўстала незвычайная думка: песні Майкла Джэксана былі часткай яго злачыннай схемы. За кошт музыкі ён, нібыта, хацеў увайсці ў давер да дзяцей. Адсюль ідэя цалкам забараніць спадчыну Джэксана як інструмент злачынства.
Акрамя таго, як лічаць прыхільнікі забароны, песні Джэксана могуць інспіраваць новую хвалю сексуальнага гвалту. Некаторыя радыёстанцыі ў Новай Зеландыі, ЗША і Канадзе падтрымалі заклік і ўжо выкраслілі з плэй-лістоў творы караля поп-музыкі.
Праўда, да ініцыятывы далучыліся не ўсе. Для многіх Майкл Джэксан застаецца часткай амерыканскай культурнай спадчыны і атрыбутам іх юнацтва.
Паводле французскай прэсы