Свята Дня Волі БНР 101 з Сяргеем Доўгушавым у Каліфорніі

Беларусы Сан-Францыска і Бэй Эрыі сабраліся на свята Дня Волі ў Каліфорніі. Трэці раз запар свята адбываецца ў маляўнічым парку горада Сан Матэа, на беразе заліва Сан-Францыска. 

img_7490.jpg

У гэтым годдзе на свята быў запрошаны вядомы беларускі музыка Сяргей Доўгушаў. Па вядомай традыцыі амерыканскіх індзейцаў «Потлак» (potluck), беларусы прынеслі шмат ежы, з прысмакаў нават былі дранікі, смажаныя на грыле каўбаскі, разынкай святочнага стала стаўся торт з надпісам БНР 101.
Арганізатарка свята Надзея Нортан павіншавала беларусаў са 101-й гадавінай абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі і крыху распавяла пра гісторыю стварэння БНР, ды заклікала папляскаць у далоні ў гонар айцоў-заснавальнікаў БНР. На свята з Арызоны спецыяльна прыляцела заснавальніца Фэйсбук-суполкі "Official Page: Belarusians in California - San Francisco/Bay Area”, якая існуе ад 2008 года, Ліана Бурсава. Яна прывітала ўсіх, ды прапанавала кожнаму падысці да незнаёмага чалавека і пагутарыць. 
Сяргей Доўгушаў распачаў канцэрт, заспяваў беларускія песні, зайграў на ліры і дудках. Песні «Талака» пад гітару ўсе голасна падпявалі. Пасля агульнага здымку, як мае быць, тройчы пракрычалі «Жыве Беларусь». Сяргей Доўгушаў заклікаў усіх стаць у кола, пачалося «Гуканне вясны», якая крыху затрымалася нават і ў Каліфорніі, пад спевы «Мядуніцы» ды іншыя вадзілі карагоды, гулялі ў розныя беларускія гульні (”Мост”, ”Бабыль” ды іншыя).
Напрыканцы адбыўся мабыць самы кранальны момант свята: першы на Каліфорніўшчыне «Спеўны ход» спеў гімны БНР. Сяргей Доўгушаў падрыхтаваў публіку да спеваў, і пад музыку беларусы Каліфорніі, шмат хто ўпершыню, заспявялі «Пагоню», «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», пад спевы гімну «Магутны Божы» былі бачныя слёзы ў вачах. Не дзіва, бо на гэты момамт мы ўсе разам апынуліся ў роднай прасторы, мы стварылі сваю Беларусь на чужыне, адчувался зладжанасць спеву і пачуццё еднасці, гонару і адначасова болю за Радзіму. І як апошні акорд свята, усе разам заспявалі ўсім вядомую і любімую Купалінку.


Беларусы падыходзілі да Надзеі Нортан і Сяргея Доўгушава, дзякавалі за свята і выступ, распытвалі Сяргея наконт інструментаў, ды ягонай творчасці на Беларусі. На свяце прысутнічаў бельгіец Сымон, які пад час навучання ў беларускай кансераваторыі не толькі навучыўся размаўляць на расейскай мове, але і ажаніўся на беларускай дзяўчыне, і зараз выдатна разумее беларускую мову. Працуе ён у школе, недалёка ад Сан-Францыска, дзе распавядае пра традыцыю беларускіх народных спеваў. Таксама завітала пара з Канады, якая зараз жыве ў Сан-Францыска: беларуска з Таронта, дачка спевакоў з гурту «Яваровы людзі» са сваім мужам канадцам.
Агулам прысутнічала каля 65 чалавек, па ўсёй пляцоўцы луналі бел-чырвона-белыя сцягі з Пагоняй. Большасць прысутных была ў вопратцы а з элементамі беларускай гістарычнай сымболікі. Некалькі чалавек былі ў спартыўных строях нацыянальнай алімпійскай зборнай, адпаведна, з афіцыйнай сымболікай Беларусі. Але гэта не перашкодзіла ім крычаць “Жыве Беларусь”, развешваць бчб сцягі. Што падкрэслівае знакамітую на ўвесь свет разнайстайнасць (diversity) i лiберальнасць поглядаў ў Каліфорніі.
Усім жадаючым малявалі бчб свяжкі на тварах, асабліва гэта спадабалася маленькім беларусам. Свята атрымался вясёлым, добрым, сонечным і, як адзначалі многія ўдзельнікі, душэўным. Беларусы чарговы раз засведчылі сваю гасціннасць, добразычлівасць і ветлівасць! 
Паводле прэс-рэліза