Трамп таксама хворы?
Адным з козыраў Трампа ў барацьбе за Белы дом з’яўляецца ментальныя праблемы яго апанента Джо Байдэна.
![Фота www.ixbt.com Фота www.ixbt.com](/img/v1/images/maxresdefault_0_large_0_large.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота www.ixbt.com
Байдэн патрапіў у шэраг скандалаў, якія даюць падставы казаць пра наяўнасць праблемаў з памяццю. Напрыклад, ён забываўся, дзе знаходзіцца, або нюхаў валасы прысутных кабетаў.
Аднак цяпер, падобна, Трампу самому давядзецца даводзіць, што ён псіхічна здаровы. Усё праз тое, што здарылася падчас яго выступу ў вайсковай акадэміі Вест-Пойнт. Стоячы на памосце, 74-гадовы Трамп з усіх сіл спрабаваў паднесці шклянку вады да вуснаў. Пазней прэзідэнт крок за крокам асцярожна спускаўся па трапе самалёта. Каб адвесці падазрэнні, прэзідэнт напісаў у Твітары, што трап быў «вельмі доўгі і слізкі».
Натуральна, яго апаненты ў гэта не паверылі, і цяпер сцвярджаюць, што амерыканцы ведаюць пра медыцынскую гісторыю Трампа менш, чым пра любога папярэдняга прэзідэнта. Таксама раптам стала вядома пра сакрэтны візіт гаранта ў нейкі шпіталь у мінулым годзе. У сувязі з апісаным скандалам можна не сумнявацца, што тэма псіхічнага здароўя кандыдатаў у прэзідэнты ЗША будзе адной з ключавых падчас выбарчай кампаніі.
Паводле амерыканскай прэсы