ЗША. Трансгендэрам дазволілі службу ў войску

У ЗША адменена забарона на службу ў войску трансгендэраў, што адкрыта заяўляюць аб сваёй арыентацыі. Чакаецца, што новая палітыка будзе рэалізавана на працягу года.

Фота GETTY IMAGES

Фота GETTY IMAGES


На працягу года плануецца распрацаваць стандарты службы і медыцынскага абслугоўвання трансгендэраў ва ўзброеных сілах, паведамляе ВВС.
"Гэта правільна і для нашага народа, і для войска", — заявіў міністр абароны ЗША Эш Картэр.
"Мы гаворым пра таленавітых амерыканцаў, якія выдатна нясуць службу або хочуць мець магчымасць служыць", — сказаў Картэр. Ён дадаў, што бар'еры, не звязаныя з узроўнем кваліфікацыі чалавека, не павінны перашкаджаць набору на службу тых, хто найлепшым чынам зможа выконваць місію па абароне краіны, адзначае www.dw.com.
Такім чынам, цяпер нікому не можа быць адмоўлена ў прыёме на службу, і ніхто не можа быць звольнены са службы на падставе гендэрнай прыналежнасці.
Паводле ацэнак Нацыянальнага цэнтра па пытаннях роўнасці трансгендэраў, у арміі ЗША служаць да 15 000 трансгендэраў.
Прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці служылі ва ўзброеных сілах і раней, але не мелі права казаць аб сваёй сэксуальнай арыентацыі адкрыта.
У 2011 годзе ЗША канчаткова знялі забарону на службу ў войску адкрытых геяў і лесбіянак. У 2014 годзе з просьбай дазволіць ім служыць ва ўзброеных сілах да Пентагону звярнуліся і амерыканскія трансгендэры.
Джэймі Юінг, якую звольнілі з войска па гэтай прычыне, распавяла, што рада гэтай навіны і мае намер зноў паступіць на службу: "Я вельмі задаволеная. Хачу як мага хутчэй зноў паступіць на службу і спадзяюся ўжо ў найбліжэйшай будучыні надзець маю форму салдата арміі Злучаных Штатаў", — сказала яна ВВС.